Вы тут

Купалаўскі тэатр ладзіць першы тэатральны пікнік

Андрэй Горват / svaboda.org

21 верасня Купалаўскі тэатр зладзіць першы тэатральны пікнік. Такім чынам купалаўцы плануюць адзначыць пачатак 100-га сезона, перадае Радыё "Свабода". 

Свята пачнецца на галоўнай сцэне і працягнецца ў Аляксандраўскім скверы каля тэатра. У скверы будуць гуляць персанажы спектакляў у тэатральных касцюмах. З імі, а таксама з сапраўднымі тэатральнымі дэкарацыямі і рэквізітам спектакляў можна будзе зрабіць сэлфі. У скверы таксама будзе ісці онлайн-трансляцыя спектакля "Радзіва Прудок", выступяць беларускія музыкі.

Ролю дворніка на гэты дзень прыме пісьменнік Андрэй Горват. Раней ён сапраўды быў дворнікам у Купалаўскім тэатры. У яго можна будзе падпісаць кнігу і зрабіць з ім сэлфі.

"Так атрымалася, што ўсе акцёры занятыя, і ў ролі дворніка Горвата буду я. З гонарам паведамляю, што гэтую дурную ідэю я прыдумаў сам (не ўсю-ўсю-ўсю, а толькі пра дворніка). Мае сябры-псіхі з тэатра мяне падтрымалі, а спонсар — кампанія А1 — дамовіўся, каб мне не далі па шыі, а далі мятлу", — напісаў Горват.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.