Петля Пристрастия - Гипнопедия

Ужо звыкла свой агляд я пачну з апраўданняў. Справа ў тым, што мне вельмі рэдка падабаюцца гурты, якія граюць у сстылях з прыстаўкай “брыт”. Нават больш: мне падабаюцца вельмі рэдкія песні такіх гуртоў. Нават, калі гэтыя гурты паводле нечых меркаванняў выконваюць “пост-панк”. Як вы разумееце, толькі з-за гэтага “Петля Прістрастія” для мяне знаходзіцца не ў лепшай пазіцыі, але і гэта не ўсё. З-за такога стаўлення я быў толькі на адным канцэрце гурта і было гэта, калі не памыляюся, у клубе “Графіці” яшчэ да рэканструкцыі. Памятаю, што спачатку “Пятля” мяне вельмі ўразіла сваёй энергетыкай ды экспрэсіўнымі паводзінамі на сцэне вакаліста Іллі Чарапко-Самахвалава. Але праз пэўны час мне стала зразумела, што гэтыя паводзіны – вельмі таленавітая акцёрская гульня і шчырасці ў гэтым няма. Але паўтаруся, гэта старыя, ужо вельмі старыя ўражанні, якія я наўмысна не абвяргаў усе апошнія гады. Тым больш, ад яшчэ аднаго калектыву Іллі“Кассиопеи” я проста ў захапленні.

Першая песня альбома, якая называецца “Жарче, чем солнце”, напэўна, адзіны трэк альбома, у якім я здолеў зразумець тэкст. Ва ўсялякім выпадку, мне падаецца, што зразумеў. Але цалкам магчыма, і гэта я кажу шчыра, што я проста не здольны зразумець такія тэксты. Для мяне яны вельмі мудрагелістыя, у іх вялікай колькасцю абсалютна розных і, варта адзначыць, вельмі цікавых вобразаў. Часам падаецца, што ў песні некалькі сюжэтаў, а праслухаўшы яшчэ раз, разумееш, што яны бессэнсоўныя і гэта проста рыфмаванне выпадковых словаў. Магчыма, калі б я прачытаў гэтыя тэксты з экрана манітора, то мае словы былі б мной жа і абвергнутыя. Але мы размаўляем пра альбом! Я лічу, што калі трэк утрымлівае тэкст, то ён выконвае нейкую ролю. Але якую, засталося сакрэтам. Магчыма, з-за таго, што маю ўвагу ўвесь час адцягвала музыка, але цалкам магчыма, што гэтай ролі ў тэкстах “Пятлі” папросту няма.

Першае праслухоўванне дыска пакінула ўражанне, што аранжыроўкі песень нейкія беднаватыя. Але ўжо падчас наступнага праслухоўвання ўражанне пачало змяняцца на супрацьлеглае. А зараз я магу сказаць, што першапачатковае ўражанне было выклікана выключна першапачатковым стаўленнем да гурта. Дастаткова складаныя структуры песень утрымліваюць менавіта тую колькасць гукаў якая патрэбная, без перабольшанняў ды без недахопаў. Калі параўноўваць гэты альбом з папярэднім, то рост музыкаў у прафесійным сэнсе відавочны. Выкананне трэкаў вымушае пагрузіцца ў музыку не звяртаючы ўвагі на падзеі навокал. Можа, дарэчы, гэта і стала прычынай не самага прыемнага стаўлення да тэкстаў “Гипнопедии”.

Карацей у выніку другі альбом “Пятлі”, стварае дастаткова прыемнае ўражанне. У ім вельмі цяжка знайсці больш слабыя, ці моцныя песні. Дыск атрымаўся вельмі роўным, і гэта нягледзячы на абсалютнае непадабенства ўсіх трэкаў паміж сабой. Наадварот, калі, напрыклад, правесці эксперымент і слухаць песні кавалачкамі па некалькі секунд, то лёгка ўзгадваецца і цэлая кампазіцыя, пераблытаць яе з іншай вельмі складана. Дарэчы, мушу прызнацца, што за апошні тыдзень неаднаразова лавіў сябе на спяванні песні з дыска “Петли Пристрастия”. Але толькі адной – “Ножи”, якую, на мой погляд, і можна назваць асноўным хітом альбома. Ва ўсялякім выпадку, выраз “гильотинку прет..” дакладна стане, калі ўжо не стаў, крылатым. Так жа як гэта здарылася са словамі песні “Карма велогонщика” “хотелось полмира хватило на велосипед” з дэбютнага альбома “Всем доволен”.

Ну і апошні вынік на сёння: дыск “Гипнопедия” відавочна больш прафесійны, прыцягальны, разнастайны, цікавы, актыўны і меладычны, чым папярэдні “Всем доволен”. Але ў той жа час, нейкіх пачуццёвых афарбовак ён пакідае менш, але, магчыма, гэта пытанне часу, узросту ды густу.

Скачаць альбом “Гипнопедия” гурта “Петля Пристрастия” можна на сайце маскоўскага часопіса "Афиша"  і на сайце беларускага мультымедыйнага праекта 34mag

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі