Песні Джона Ленана рыхтуюцца да перавыдання

Да 70-гадовага юбілею Джона Ленана (John Lennon) рыхтуецца перавыданне ўсіх сольных альбомаў музыкі ў палепшанай якасці.
Рэмайстраваныя былі восем кружэлак з каталогу экс-бітла - у тым ліку знакамітыя «Imagine» (1971) і «Double Fantasy» (1980). Куратарам праекта выступіла ўдава музыкі Ёка Она (Yoko Ono).

Праца па аблічбоўцы песень Ленана вялася ў студыях Нью-Ёрка, а таксама ў знакамітай лонданскай Abbey Road. Як лічыць Ёка Она, гэты праект стане добрым падарункам усім прыхільнікам Джона, а таксама дапаможа данесці яго музыку да новай аўдыторыі.

«Мы зрабілі грандыёзную працу, якая - спадзяюся - натхніць як тых, хто добра знаёмы з творчасцю Джона, так і тых, хто толькі пачынае знаёміцца з ёй, - кажа Она. - Яго лірыка настолькі ж актуальная сёння, як і сорак гадоў таму».

Па словах Ёка Она, асабіста ёй цяжэй за ўсё было працаваць над дыскам «Double Fantasy», які стаў апошнім альбомам Ленана.

Нагадаем, што дзень нараджэння Джона Ленана будзе адзначацца 9 кастрычніка. Музыка быў застрэлены побач са сваім домам ў Нью-Ёрку 8 снежня 1980 года, ва ўзросце 40 гадоў.

Фота: last.fm

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі