Вы тут

Першае інтэрв'ю Іллі Салея: для Лукашэнкі Радзіма не Беларусь, а Савецкі Саюз

Ілля Салей

Юрыст штаба Бабарыкі Ілля Салей даў першае інтэрв'ю "Нашай Ніве" з моманту арышту. 

Як распавядала Еўрарадыё, два тыдні таму Салей уцёк у Польшчу. У Беларусі ён быў пад закладам.

Салей згадаў, як адбывалася сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ. 

На яго думку, Лукашэнка хацеў асабіста паглядзець на палітвязняў, бо нікога не ведаў. 

Выслухаўшы прапановы Бабарыкі па спыненні гвалту і правядзенні эканамічных пераменаў, Лукашэнка сказаў, што не падзяляе рынкавы падыход, бо людзі гэта не падтрымаюць.

"Мы зразумелі, гэты чалавек лічыць, што сённяшні ўзровень развіцця ў краіне максімумам, якога можна было дабіцца за амаль 30 год незалежнасці. Лукашэнка — чалавек савецкі, у негатыўным сэнсе, адтуль такое спецыфічнае стаўленне да эканомікі, да людзей, да закона, да Масквы як да "сталіцы Радзімы". Для яго Радзіма гэта не Беларусь, а Савецкі Саюз — "ад Брэста да Уладзівастока", пра што ён сам казаў. Для яго дзень нараджэння нашай рэспублікі — "найбуйнейшая геапалітычная катастрофа". Гэта чалавек, меркаванне якога не зменіцца", — дзеліцца Салей сваімі ўражаннямі.

У адказ на заявы аб фальсіфікацыі вынікаў выбараў Лукашэнка, па словах Салея, заявіў: "Я прапаноўваў пералік, але ён быў нікому не цікавы". А на словы пра сотні тысяч пратэстоўцаў у яго быў такі адказ: "Там у пік было 46 тысяч".

"Ён шчыра верыць, што ён найлепшы кіраўнік краіны, што яго падтрымлівае большасць", — кажа юрыст штаба Бабарыкі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.