Персанал беларускай АЭС будзе зарабляць больш за 1,5 тысячы еўра?

Інакш не атрымаецца завабіць расійскіх і літоўскіх атамшчыкаў, якія зараз зарабляюць у 3-4 разы больш за беларусаў, што працуюць у “Соснах”
Нашыя навукоўцы не хаваюць, што збіраюцца запрашаць для беларускай АЭС прафесіяналаў з іншых краін. Гэта пацвердзіў першы намеснік старшыні прэзідыума Акадэміі навук Пётр Віцязь. Бо пакуль у краіне такіх спецыялістаў няма. Еўрарадыё зрабіла працу за іх. З найбольшай зацікаўленасцю да прапановы перабрацца ў Беларусь паставіліся на Смаленскай АЭС. Кіраўнік цэнтра інфармацыі Юрый Патракееў гаворыць, што калі заробкі будуць вышэйшыя, расіяне абавязкова паедуць:

Патракееў: А чаму б не? Тут жа побач зусім – каля 80 кіламетраў ці нават менш. Заробак вышэй, пасада – і паедуць.

Сёння ж заробак добрага расійскага спецыяліста-атамшчыка 30 тысяч расійскіх рублёў – каля 1200 долараў.

Для параўнання: спецыялісты-ядзершчыкі інстытута даследаванняў у “Соснах” атрымліваюць у сярэднім каля 300 долараў.

З Ігналінскай АЭС спецыялісты хутчэй за ўсё будуць пераходзіць на новую літоўскую станцыю, якая пачне будавацца бліжэйшым часам. Хаця старшыня аддзела персаналу Гарбаніс Лайдас кажа, што на беларускай станцыі таксама папрацавалі б з-за працоўнай рускай мовы.

Гарбаніс Лайдас: Сярэднія заробкі ў нас 3000 літаў. Спецыялісты атрымліваюць 4-6 тысяч.

Калі перавесці ў еўра, атрымаецца каля 800–1500 еўра за месяц. Апроч гэтага супрацоўнікі АЭС спярша атрымліваюць часовае жыллё, а пасля – кватэры. Па словах спадара Лайдаса, праблема жылля на станцыі вырашаная.

На Ровенскай АЭС (Украіна) сярэдняга заробку падлічыць не змаглі, але яны дакладна большыя за заробкі чыноўнікаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўнік прэс-службы Вікторыя Лявонава:

Лявонава:
У горадзе з улікам станцыі і чынавенства сярэдні заробак 3780 грыўняў (каля 700 долараў). На станцыі заробкі больш, і людзі трымаюцца за свае месцы.

Для супрацоўнікаў будуецца жыллё, выгадныя пазыкі ў банках, медыцынская страхоўка і нават накіраванні ў профільную вну для дзяцей. І, канечне ж, адпачынак у Трускаўцы і Ялце.

А вось на Чарнобыльскай станцыі Еўрарадыё адказалі, што тамтэйшыя спецыялісты для Беларусі не падыйдуць. Бо розныя тыпы рэактараў (РБМК і ВВР), і профіль працы адрозніваецца. Сённяшнія супрацоўнікі ЧАЭС пераарыентаваны на вывад станцыі з эксплуатацыі. Па словах кіраўніка інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Маі Рудэнка, у Беларусь можа прыехаць толькі “зялёны” спецыяліст:

Рудэнка: Вам не патрэбны часовыя спецыялісты. На новай АЭС патрэбны пастаянны персанал, бо спецыяліст расце не 1 год. Да вас можа прыехаць толькі зусім малады чалавек, у якога няма сям’і і які будзе мець вельмі канкрэтную перспектыву атрымання жылля.

Па словах супрацоўніцы ЧАЭС, перавабліванне спецыялістаў – рэч дарагая і клопатная. Але у Беларусі ёсць час, дый грошы на мірны атам улады пакуль не лічаць…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі