Вы тут

Перформанс супраць БелАЭС правялі беларускія анархісты ў Вільні

Перформанс у Вільні супраць БелАЭС / ru.delfi.lt

24 снежня ў Вільні адбыўся перформанс супраць будаўніцтва Беларускай АЭС. Зладзілі яго беларускія анархісты, піша ru.delfi.lt. 

Акцыя пачалася ў 15:00 каля беларускай амбасады ў Літве. Малады чалавек у радыяцыйным касцюме і з плакатам "DANGER BELARUS" прайшоўся ўздоўж цэнтральнай брамы амбасады, а яго паплечнік фатаграфаваў усё, што адбываецца. Потым маладыя людзі прайшлі па вуліцах літоўскай сталіцы, раздаючы англамоўныя ўлёткі. Канчатковым пунктам маршруту стала галоўная гарадская ялінка побач з Кафедральным саборам.

Анархіст Вячаслаў Касінераў, які ладзіў перформанс, патлумачыў журналістам, што беларусы таксама выступаюць супраць будаўніцтва АЭС. "Я сам падвяргаўся неаднаразовым адміністрацыйным арыштам, пратэстуючы супраць гэтага. Але беларускі народ вельмі запалоханы, таму мы не можам у поўнай меры паказаць сваё меркаванне. Усё даводзіцца рабіць такімі лакальнымі кампаніямі. Мы ведаем, якія жудасныя парушэнні адбываліся пры будаўніцтве рэактара і якія дэманстрацыі ладзілі рабочыя, якім не плацілі заробкі. Фактычна, гэта будзе горш, чым Чарнобыль", — заявіў актывіст. 

На яго думку, будаўніцтва АЭС у Астраўцы — гэта спосаб ціску Уладзіміра Пуціна на Еўропу. 

Літва актыўна пратэстуе супраць Беларускай АЭС. Станцыя ў Астраўцы прызнаная ў Літве пагрозай нацыянальнай бяспецы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.