Сёння адбудзецца перанесенае з-за “справы Верамко” пасяджэнне выканкама БФФ

Сёння адбудзецца перанесенае з-за “справы Верамко” пасяджэнне выканкама БФФ

Перанесенае з-за “справы Верамко” пасяджэнне выканкама Беларускай федэрацыі футбола адбудзецца ў аўторак, 19 снежня, пачатак у 14:00, паведамляе “Прессбол”. Пра перанос на больш позні тэрмін пасяджэння выканкама БФФ стала вядома ў пачатку месяца. Тады ж перанеслі і традыцыйную святочную цырымонію закрыцця сезона, запланаваную на 9 снежня ў мінскім гатэлі “Рэнесанс” (ушанаванне каманды як чэмпіёна краіны адмяніў і ФК БАТЭ). Федэрацыя патлумачыла, што прычынай стала аспрэчванне “зацікаўленымі бакамі рашэння выканкама ад 23 лістапада”. Як вядома, кіраўніцтва мінскага “Дынама” не пагадзілася з дзеяннямі федэрацыі: спачатку ў БАТЭ адабралі 3 ачкі з-за патраплення ў заяўку на матч брамніка Сяргея Верамко, які своечасова не заплаціў штраф, а пасля ачкі вярнулі, але прызначылі вялікі штраф. У выніку, на фінішы чэмпіянату Беларусі БАТЭ і мінскае “Дынама” набралі роўную колькасць ачкоў, але па выніках асабістых матчаў першае месца дасталося барысаўчанам.

На пасяджэнні выканкама падвядуць вынікі чэмпіянату Беларусі, абмяркуюць цырымонію “Зорны мяч” (будуць зацверджаныя намінацыі і спецыяльныя прызы для ўручэння). Ці азначае гэта, што “справа Верамко” ўжо не перашкодзіць назваць БАТЭ чэмпіёнам, пакуль невядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі