"Пераемнік будзе вымушаны пачаць "дэлукашэнізацыю": аналітык пра будучыя змены

Ці варта ўдзельнічаць у будучым рэферэндуме? / Еўрарадыё
Ці варта ўдзельнічаць у будучым рэферэндуме? / Еўрарадыё

Новы праект Канстытуцыі, напісаны "пад Лукашэнку": ці трэба грамадству ўдзельнічаць у рэферэндуме па яе прыняцці? Існуе ўстойлівае меркаванне, што, маўляў, усё гэта бескарысна і нічога не зменіцца. Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч лічыць, што галасаванне за змены ў галоўны дакумент краіны не пазбаўленае сэнсу.

— Трэба ўлічваць, што Канстытуцыю Лукашэнка піша сам для сябе, для сваіх патрэб. Беларускае грамадства ў гэтым ніяк не ўдзельнічае, — расказвае аналітык у эфіры Еўрарадыё. — Аднак калі гаварыць пра якасць новага праекта, то ён усе-ткі лепшы, чым дзейная Канстытуцыя, таму што ён абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзідэнта. І асабліва таму, што новая Канстытуцыя пазбаўляе прэзідэнта статусу асноўнага заканадаўчага органа.

Па новай канстытуцыі прэзідэнт не можа выдаваць якія-небудзь дакументы, якія супярэчаць закону. З прычыны гэтага да парламента вяртаецца тая місія, якая звычайна ў яго ёсць, — быць галоўным заканадаўчым органам. Калі параўноўваць новую і цяперашнюю Канстытуцыі, то новая лепшая — як бы там ні было.

У кастрычніку 2020-га Юрый Васкрасенскі паведаміў, што Лукашэнка нібыта больш не мае намеру балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы. Аднак цяперашні кіраўнік Беларусі шмат чаго абяцаў зрабіць. Ці можна верыць яго словам?

— Тут справа, хутчэй, у логіцы палітычнага працэсу. Калі Лукашэнка хоча застацца ва ўладзе хоць бы да 2025 года, то навошта патрэбны рэферэндум, навошта патрэбная новая Канстытуцыя? З цяперашняй Канстытуцыяй, якая дае яму неабмежаваныя паўнамоцтвы, ён мог бы, я думаю, дажыць-дацярпець да 2025 года. Але на парадку дня Канстытуцыя, якая гэтыя паўнамоцтвы абмяжоўвае. І вы можаце сабе ўявіць, што Лукашэнка застаецца ва ўладзе ўжо з абмежаванымі паўнамоцтвамі?

Я думаю, што калі б Лукашэнка хацеў застацца, то гэты рэферэндум быў бы прызначаны, скажам, на 2024 год. Аднак абвешчана — яшчэ пытанне: верыць гэтаму ці не верыць — што ён адбудзецца ў пачатку 2022-га. Тут ужо справа не ў тым, верыць Лукашэнку ці не. Справа ў тым, што ўжо запушчаны палітычны працэс.

“Преемник будет вынужден начать “делукашенизацию”: аналитик о грядущих переменах
Сабраўся сыходзіць — але для чаго ператрусы, арышты, канфрантацыя? / Еўрарадыё

Але калі дзейны кіраўнік Беларусі вырашыў усё-ткі сыходзіць, то для чаго цяпер "кашмарыць" СМІ, бізнес, грамадзянскую супольнасць? Навошта вось гэта вось усё?

— Пасля выбараў 2020-га Лукашэнка наведаў завод МЗКЦ, дзе яму крыкнулі "Сыходзь!". Тады ён адышоў ад мікрафона, пайшоў у натоўп рабочых і стаў жорстка спрачацца. Ён там сказаў адну фразу, на якую не звярнулі ўвагі. Сэнс яе ў тым, што, маўляў, цяпер я не сыду: трэба навесці парадак, трэба, каб грамадства супакоілася, і толькі потым ужо можна пачынаць нейкія працэсы перамен. Я думаю, што менавіта гэтай логікай кіруецца Лукашэнка на гэты момант. Спачатку задушыць пратэст, навесці "парадак", знішчыць усю структуру грамадзянскай супольнасці. І гэта не помста за тую псіхалагічную траўму, якую ён перажыў. Гэта спроба прадухіліць магчымыя пратэсты ў найбліжэйшай будучыні, каб можна было спакойна правесці канстытуцыйную рэформу і, магчыма, датэрміновыя прэзідэнцкія выбары.

Датэрміновыя выбары? А каму балатавацца, калі асноўныя сапернікі перадвыбарнай гонкі 2020-га вымушана сышлі з дыстанцыі? Няўжо гэта будуць выбары "для сваіх"?

— Цяперашні аўтарытарны рэжым у Беларусі — персаналісцкі рэжым, рэжым асабістай улады. Калі Лукашэнка сыдзе, то ніякаму магчымаму пераемніку ўтрымаць гэты палітычны рэжым у такім выглядзе не ўдасца, — перакананы аналітык. — Зразумела, што выбары будуць недэмакратычнымі. На датэрміновых выбарах пераможа той чалавек, якога абярэ сам Лукашэнка.

Але я думаю, што як толькі гэты чалавек прыйдзе да ўлады, то рана ці позна ён вымушаны будзе пачаць працэс "дэлукашэнізацыі" Беларусі — для таго, каб атрымаць міжнародную легітымнасць і легітымнасць у беларускім грамадстве. Сёння маятнік настолькі крута павернуты ў адзін бок, што непазбежна будзе яго паварот назад. Хто б ні прыйшоў пасля Лукашэнкі — ён будзе вымушаны шукаць разрадку напружанасці, аб'яўляць амністыі, запускаць працэс лібералізацыі эканомікі і грамадска-палітычнага жыцця.

Валерый Карбалевіч не выключае варыянта, што за магчымым сыходам Лукашэнкі стаіць Масква.

— Лукашэнка і Пуцін ужо каторы раз сустракаюцца, размаўляюць па пяць гадзін. Пра што? Я думаю, што ў тым ліку і пра лёс Лукашэнкі. Гэта версія, але я не стаў бы спісваць яе з рахункаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі