Вы тут

Бюджэт на 2021 год: сілавікі ў плюсе, культура ў мінусе

Беларусь працягне павышаць расходы на сілавікоў / Еўрарадыё

Мінфін апублікаваў праект бюджэту на 2021 год. Параўноўваем з папярэднім годам фінансаванне сілавікоў і бюджэтнікаў.

Выбары і рэферэндумы

На правядзенне выбараў і рэферэндумаў у 2021 годзе выдзелена 13,5 мільёна рублёў. Гэта вынікае з праекта бюджэту Беларусі, які 18 снежня быў апублікаваны Мінфінам.

У 2020 годзе, на які прыпалі прэзідэнцкія выбары, у гэтым радку бюджэту стаяла амаль у тры разы большая лічба: 36,8 мільёна рублёў. У 2019 годзе, на які не былі запланаваныя ні выбары, ні рэферэндумы, на дзейнасць выбаркамаў выдзялялася толькі 538,6 тысячы рублёў.

Гэта ўскосна даказвае, што ўлады запланавалі вялікае галасаванне ў 2021 годзе. Мабыць, гаворка можа ісці пра рэферэндум па папраўках у Канстытуцыю Беларусі.

Сілавікі

Налета Беларусь працягне павышаць расходы на сілавікоў. Органы ўнутраных спраў амаль на 100% фінансуюцца менавіта з рэспубліканскага бюджэту. На іх у 2021-м плануецца расходаваць 1,025 мільярда рублёў. У бюджэце на 2020 год было закладзена 915,7 мільёна рублёў, або на 12% менш. Нават з папраўкай на інфляцыю, якая за апошні год склала 6,6%, расходы на ОУС растуць.

У графе бюджэту "Абарона і Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь" стаіць сума 1,364 мільярда рублёў. Гэта на 133 мільёны (на 10,8%) больш, чым было расходавана па гэтым артыкуле ў 2020 годзе. І тут рост — нават з улікам інфляцыі.

Бюджэтнікі і СМІ

Расходы на адукацыю ў 2021 годзе таксама павялічацца і складуць 1,291 мільярда рублёў. Гэта на 9,6% больш, чым у 2020 годзе (1,178 мільярда рублёў).

На ахову здароўя з рэспубліканскага бюджэту плануецца расходаваць амаль на траціну больш, чым у 2020 годзе. На наступны год на яе адведзена 1,668 мільярда рублёў, у той час як на бягучы — усяго 1,274 мільярда рублёў.

А вось расходы на культуру павялічацца ўсяго толькі на 0,7%. І гэта пасля таго, як у 2020 годзе яны наогул былі скарочаныя! З папраўкай на інфляцыю дзяржава плануе, што налета культура абыдзецца ёй танней, чым сёлета.

Расходы на дзяржаўныя СМІ ва ўмовах дэфіцыту бюджэту не павялічваюцца. Нават наадварот. У 2021 годзе па гэтым артыкуле плануецца расходаваць 156 мільёнаў рублёў, хоць у бюджэт на 2020 год было закладзена — 164,1 мільёна. Калі яшчэ і ўлічыць інфляцыю, то скарачэнне стане прыкметным. Зрэшты, расходы на дзяржаўныя СМІ па-ранейшаму перавышаюць расходы на культуру.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.