Перад сыходам з Херсона расіяне спальвалі целы сваіх салдатаў на сметніку — СМІ

Расійскія каскі на сметніку ў Херсоне / theguardian.com
Расійскія каскі на сметніку ў Херсоне / theguardian.com

Перад сыходам з Херсона гэтым летам расіяне спальвалі целы сваіх загінулых салдатаў на сметніку, піша The Guardian са спасылкай на сведчанні мясцовых жыхароў.

Людзі распавялі, што летам расіяне зрабілі іх сметнік закрытай зонай. Мясцовыя жыхары і работнікі палігона кажуць, што бачылі, як сюды прыязджалі адкрытыя грузавікі з чорнымі мяшкамі. Потым гэтыя мяшкі палілі, а ў паветры стаяў жудасны пах.

"Кожны раз, калі наша армія абстрэльвала там рускіх, яны пераносілі парэшткі на сметнік і спальвалі іх", — сцвярджае жыхарка Херсона 40-гадовая Ірына. Зборшчык смецця, з якім пагутарыў журналіст выдання, распавёў, што "рускія прыгналі Камаз, поўны смецця і трупаў, усе разам і выгрузілі".

"Вы думаеце, хтосьці збіраўся іх пахаваць? Яны выкінулі іх, а пасля завалілі смеццем, і ўсё", — сцвярджае мужчына. Пры гэтым ён прызнаўся, што не бачыў, каму належалі целы — салдатам або грамадзянскім асобам. Аб жудасным паху, які з'яўляўся, калі на палігоне нешта палілі, расказалі выданню і жыхары дома, які знаходзіцца побач.

"Пахла паленымі валасамі, і, ведаеце, яшчэ пахла, як у стаматолага, калі табе свідруюць зуб перад устаноўкай пломбы. І дым быў такі густы, што не было відаць суседняга будынка", — кажа 60-гадовая Алеся Какорына, якая жыве на восьмым паверсе ў доме каля сметніка.

Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу раней заяўляў, што ва Украіне загінула каля 6000 салдат. Паводле звестак Мінабароны ЗША, якія былі агучаныя ў канцы лета, страты Расіі ў вайне склалі 80 тысяч салдатаў забітымі або параненымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі