Pearl Jam пачалі працаваць над новым альбомам

Сіэтльскія гранджэры Pearl Jam анансавалі пачатак працы над новым альбомам. Вядома, што прадзюсаваць дзевятую студыйную працу ў дыскаграфіі гурта запрошаны Брэндан О'Браян, які працаваў раней з Korn, Rage Against The Machine і Stone Temple Pilots.

Па словах музыкаў, матэрыял знаходзіцца ў «зачаткавым стане», таму звестак пра дату рэлізу і іншых падрабязнасцяў пра будучы дыск яны пакуль паведаміць не могуць.

Гітарыст калектыву Майк Макрыдзі сказаў, што ў іх «была адна студыйная сесія, якая аказалася плённай і з'явіліся пяць песень. Некаторыя песні трохі папсовыя, некаторыя пацяжэй. Але яны будуць яшчэ не адзін раз праглядацца і ў іх нешта зменіцца. Ім трэба "настаяцца"».

Нягледзячы на тое, што Pearl Jam часта прэзентуюць новы матэрыял на канцэртах яшчэ да выхаду дыскаў, песні з будучага альбома наўрад ці будуць уключаныя ў сэт-лісты канцэртаў амерыканскага тура гурта, які стартуе 11 чэрвеня ў Фларыдзе.

Рокеры растлумачылі, што ім «яшчэ трэба паімправізаваць, прагнаць песні праз джэм-сэйшн. Матэрыял яшчэ недастаткова «вылізаны», для таго, каб граць яго перад публікай».

Фота: musicblog.ugo.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі