Вы тут

Пазычаць у Расіі даражэй, чым у Еўропе: на што Беларусь магла патраціць розніцу

Беларусь пазычае, каб разлічыцца са старымі даўгамі перад Расіяй / Reuters

Дзірка ў беларускім бюджэце расце, але ўрад не сумуе і паведамляе, што грошы не праблема. Маўляў, пазычыць ёсць у каго: Расія абяцае не кінуць найбліжэйшага хаўрусніка.

Праўда, у параўнанні з запазычаннямі на еўрапейскім фінансавым рынку за расійскія грошы Беларусі давядзецца сур'ёзна пераплаціць.

Еўрарадыё разабралася, чаго беларусам будзе каштаваць той факт, што цяпер урад можа "пазычаць" толькі ў Расіі, а не, напрыклад, у Еўропе ці ў МВФ. Нашы падлікі прыблізныя, але дапамагаюць зразумець маштаб вымушаных пераплат.

 

Пазычаць у Расіі стабільна даражэй

Беларускі Мінфін хоча размясціць у Расіі аблігацыі на 100 млрд расійскіх рублёў. Гэта каля $1,34 млрд. Эксперт па банкаўскай сферы Максім Асадчы лічыць, што беларускія аблігацыі будуць цікавыя расійскім пакупнікам, калі стаўкі па іх складуць 9-10% гадавых.

Расійскія рублі / Reuters

Летась Беларусь размясціла еўрабонды на $1,25 млрд. З іх $0,5 млрд пад 5,875% гадавых. Яшчэ $0,75 млрд пад 6,378% гадавых.

Цікава, што ў Расіі летась Беларусь таксама размяшчала аблігацыі на 10 млрд расійскіх рублёў ($0,13 млрд). Прыбытковасць па іх склала 8,5% гадавых.

Адчуваеце розніцу?

Пачынаючы з 2010 года адсотак па аблігацыях, размешчаных у Расіі, стабільна вышэйшы, чым у Еўропе. Самую высокую стаўку па еўрабондах Беларусь прапаноўвала ў крызісным 2011 годзе — 8,95% гадавых.

У наступныя гады яна заўсёды была ніжэйшая. Летась стаўка ў 5,875% гадавых стала максімальна нізкай з 2010 года. Затое ў Расіі яна ніколі не была ніжэйшая за 8,5%.
 

Колькі губляем на аблігацыях, выпушчаных у Расіі?

Пакуль што невядомая дакладная даходнасць па аблігацыях, якія будуць размешчаны ў Расіі, і невядома, калі яны будуць пагашаны. Таму ў разліках Еўрарадыё адштурхоўваецца ад ацэнкі экспертаў у 9-10% гадавых.

Цяпер размясціць аблігацыі ў Еўропе Беларусь не можа / Reuters

Такім чынам, штогадовыя выплаты па еўрааблігацыях на $0,5 млрд складуць $29,4 млн. Па аблігацыях на $0,75 млрд — $47,8 млн. Разам па абодвух выпусках атрымліваецца $77,2 млн.

Па расійскіх стаўках у 9-10% за тую ж суму давядзецца аддаваць штогод ад $112,5 млн да $125 млн. Пераплата па запазычаннях у Расіі складае ад $35,3 млн да $47,8 млн у год.

Мінулым разам Беларусь выпускала аблігацыі ў Расіі на пяць гадоў. Калі цяперашні выпуск будзе ажыццёўлены на такі ж тэрмін, наша краіна пераплаціць ад $176,5 млн да $239 млн у параўнанні з запазычаннямі ў Еўропе.

Проста таму, што ўрад Беларусі з лета мінулага года прымаў рашэнні, якія прывялі да выключэння з еўрапейскага фінансавага рынку.
 

Адсоткі МВФ у 4 разы ніжэйшыя

У пачатку чэрвеня Беларусь атрымала ад Расіі другі транш крэдыту. Агульная яго сума склала $1 млрд. Згодна з дамовай, стаўка па ім плаваючая. Яна складае 0,5% плюс "сярэдняя арыфметычная велічыня значэнняў тэарэтычнай даходнасці аблігацый федэральнай пазыкі Расійскай Федэрацыі".

Кожныя 180 дзён стаўка пералічваецца ўслед за расійскімі аблігацыямі. Па ацэнцы незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, цяпер яна складае каля 9% гадавых.

Калі б Беларусь была гатовая супрацоўнічаць з МВФ, пазычаць там было б нашмат танней.

У пачатку 2017 года наша краіна амаль падпісала праграму з МВФ, згодна з якой магла атрымаць крэдыт на суму не менш за $3 млрд на 10 гадоў пад 2,28% гадавых.

Атрымліваецца, з $1 млрд расійскага крэдыту Беларусь павінна выплачваць каля $90 млн у год. Па крэдыце МВФ $1 млрд каштаваў бы $22,8 млн. Розніца паміж працэнтнымі выплатамі па запазычаннях у Расіі і ў МВФ складае прыкладна $67,2 млн.

Акрамя таго, МВФ працуе так, каб даваць грошы не на пагашэнне старых даўгоў, а на правядзенне рэформаў, якія дазволяць эканоміцы працаваць больш эфектыўна.

Расійскія крэдыты, асабліва апошнім часам, ідуць на пагашэнне папярэдніх даўгоў перад Расіяй.
 

А што на гэтыя грошы можна зрабіць?

Калі скласці пераплаты па аблігацыях (ад $35,3 млн да $47,8 млн) і крэдыце ($67,2 млн), выходзіць, што Беларусь штогод пераплачвае Расіі ад $102,5 млн да $115 млн толькі па абазначаных запазычаннях.

Паводле звестак Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2021 год, будаўніцтва інфекцыйнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай бальніцы №1 каштуе 34,8 млн рублёў ($13,5 млн). Такіх будынкаў можна было пабудаваць каля васьмі.

Магілёўская бальніца №1

Па той самай праграме будаўніцтва школы-сада ў Кобрыне на 471 месца каштуе 11,35 млн рублёў ($4,4 млн). Пераплата па расійскіх запазычаннях — гэта прыкладна 25 такіх школ-садоў.

Летась прыватным забудоўшчыкам у Новай Баравой быў пабудаваны сучасны дзіцячы сад на 230 месцаў за $3,8 млн. Абмяркоўвалася нават будаўніцтва садоў па ўсёй краіне па такім самым праекце.

Калі б Беларусь не пераплачвала Расіі, такія дзіцячыя сады можна было б пабудаваць у 29 райцэнтрах.

Дзіцячы сад у Новай Баравой / realt.by

У снежні мінулага года начальнік галоўнага ўпраўлення фінансавання сацыяльнай сферы і навукі Міністэрства фінансаў Таццяна Астрэйка расказала, што на закупку 2 млн доз вакцыны ад каранавіруса Міністэрству аховы здароўя будзе выдзелена 50 млн рублёў ($19,4 млн) у 2021 годзе.

Адпаведна, пераплачаных Расіі грошай хапіла б больш чым на 10 млн доз вакцыны.

Прыкладна столькі ж каштуе магістральны нафтаправод "Гомель — Горкі", які павінен злучыць Мазыр і Наваполацк. На яго плануецца выдаткаваць 300 млн рублёў. Гэта каля $116 млн.

Усяго, па звестках Сусветнага банка, да пачатку 2020 года Беларусь была вінная Расіі $8,1 млрд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.