Вы тут

Пазняк: танкі пад БЧБ сцягамі акружаюць рэзідэнцыю і даюць 3 хвіліны на выхад

Зянон Пазняк / Еўрарадыё

Лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк раскрытыкаваў ультыматум, які Святлана Ціханоўская выставіла беларускім уладам. 

"Ультыматум" — гэта правакацыя пад разгром народа, бо сітуацыя да агульнага "страйку", "блакавання", "абвалу" і іншага яшчэ не выспела. Сілавы рэжым толькі і чакае ініцыятывы абвастрэння з боку людзей. Генералы аж дрыжаць ад нецярпення прымяніць збройную сілу і штурхаюць людзей да агрэсіі, бо час працуе не на іх, і яны тое адчуваюць.

Рашучыя дзеянні ўсёй нацыі мусяць быць адказам на "ініцыятыву" сілавога рэжыму, а не наадварот. Палітычны інфантылізм і гульня "ў Свету" некалі сапраўды можа беларусам нашкодзіць. Не трэба звяртаць ўвагі на такія заявы", — мяркуе палітык.

Як распавядала Еўрарадыё, Ціханоўская дала ўладзе час да 25 кастрычніка. Яна патрабуе адстаўкі Лукашэнкі, спынення гвалту з боку сілавікоў і вызвалення ўсіх палітвязняў. 

Пазняк лічыць, што галоўнай зброяй беларускага народу ў цяперашніх умовах з'яўляюцца мірныя пратэсты. Вельмі важна, кажа ён, не даць сілавікам выкарыстаць зброю. На мітынгах і дэманстрацыях ён раіць арганізоўваць дружыны, якія будуць спыняць правакацыі і ахоўваць людзей.

Яшчэ адна рэкамендацыя выглядае на план дзеянняў у выпадку выкарыстання войска.

"Вайскавікам ў адстаўцы, афіцэрам, якія падтрымліваюць пратэсты, трэба размаўляць з афіцэрамі і камандаваннем 120-й брыгады, пакуль "Таракан" і "мянты" не падставілі іх пад народную кроў. Я не выключаю, што напалоханы ўзурпатар, які лётаў з аўтаматам, у выпадку афекту гатовы будзе пусціць танкі па праспекце сталіцы.

Гэта вар'яцтва, якое, аднак, спыняецца адным манэўрам. Танкі выяжджаюць пад Бел-Чырвона-Белымі Сцягамі, акружаюць рэзідэнцыю псіхапата і даюць усім тры хвіліны на выхад, перш чым адкрыць агонь.

Дзьве гадзіны — і скончыцца ўвесь 26-гадовы кашмар. Далей Гаага, альбо Народны Трыбунал. І Масква не сунецца — бо войска. Па-суседску можам і пагаварыць. Мы мірныя людзі. Вяртаемся на працу. Адбудоўваем сваю краіну", — распісвае перспектывы Зянон Пазняк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.