Вы тут

Пазняк: аб'яднанне штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы — "ідыятычны нонсэнс"

Зянон Пазняк / racyja.com

Кіраўнік КХП-БНФ, палітэмігрант Зянон Пазняк выказаўся наконт абвешчанага аб'яднання штабоў Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Пра гэта было аб'яўлена напярэдадні, у пятніцу пройдзе прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў штабоў. Як вядома, Ціханоўская — кандыдат у прэзідэнты, а Бабарыку і Цапкалу не зарэгістравалі. І раней Пазняк жорстка крытыкаваў Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, а вось пра палітвязня Сяргея Ціханоўскага ён выказваўся з сімпатыяй. Што да яго жонкі, то Зянон Пазняк ацэньваў яе дзейнасць асцярожна.

У заяве, якая з'явілася на сайце bielarus.net і ў сацсетках, Пазняк падкрэслівае, што праект аб'яднання штабоў створаны для "забеспячэння масавага фальшывага галасавання і недапушчэння байкоту". Ён піша, што яно адбылося "ненатуральна хутка". "Гэты ідыятычны нонсэнс з'яўляецца палітычнай тэхналогіяй, узгодненай з рэжымам, бо рэжым у масавым галасаванні зацікаўлены", — мяркуе палітык.

Зянон Пазняк здзіўляецца, што "штабы" Бабарыкі і Цапкалы існуюць дагэтуль, ужо пасля іх нерэгістрацыі, "і рэжыму яны не замінаюць".

Напярэдадні стала вядома, што з ліку давераных асоб Ціханоўскай выйшлі сябры "Еўрапейскай Беларусі". Яны не згодныя, што кандыдат у прэзідэнты заклікае людзей на выбары і не збіраецца з іх здымацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.