Вы тут

Павел Латушка падаў заяву на Лукашэнку ў польскую пракуратуру

Гэтай заявай Павел Латушка хацеў бы "абараніць усіх беларусаў, якіх пераследуюць за мяжой" / @latushka​

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка падаў у польскую пракуратуру заяву на Аляксандра Лукашэнку, а таксама на іншых беларускіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, паведамляе тэлеграм-канал кіраўніка НАУ.

Латушка піша пра пагрозы, якія гучаць у яго адрас і ў адрас іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.

"Вядома не толькі пра пагрозы, але і пра падрыхтоўку рэальных дзеянняў, аж да фізічнай ліквідацыі, накіраваных супраць дэмакратычных сіл за межамі Беларусі", — заявіў Латушка.

Ён падкрэсліў, што яго заява — сімвалічная. Гэтым крокам ён хацеў бы "абараніць усіх беларусаў, якіх пераследуюць за мяжой".  

У заяве згадваюцца Аляксандр Лукашэнка, Мікалай Карпянкоў, Іван Церцель, Рыгор Азаронак, Алег Гайдукевіч і іншыя. Латушка кажа, што лічыць важным праінфармаваць пракуратуру аб выказваннях гэтых людзей, накіраваных на арганізацыю ў тым ліку яго выкрадання ў Польшчы.

У пачатку траўня заяву на Лукашэнку падалі і ў пракуратуру Германіі. Ад імені дзесяці беларусаў у пракуратуру звярнуліся нямецкія адвакаты. У заяве гаворка ішла пра гвалт, які ўжывалі да пратэстоўцаў беларускія сілавікі. Расследаванне пакуль не пачатае, але, як паведаміў у канцы траўня сайт нямецкай газеты Der Tagesspiegel, генеральны пракурор ФРГ распарадзіўся ўзяць пад назіранне "разгул гвалту ў Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.