Павел Глоба: “Беларусь чакае катастрофа ў 2010 годзе”

Знакаміты астролаг Павел Глоба распавядае Еўрарадыё пра катастрофу, якая можа адбыцца ў Беларусі, пра тое, што наша краіна ўстаіць падчас крызісу, пра асобу кіраўніка дзяржавы і тое, чаму нашыя таленты з’язжаюць за мяжу
Пра катастрофу, прэзідэнцкія выбары і выхад з крызісу

Павел Глоба прадказвае вялікую катастрофу ў Беларусі ў канцы 2010 года і распавядае, як будуць праходзіць наступныя прэзідэнцкія выбары. Больш за тое, ён ведае іх вынік, а таксама кажа, што Беларусі сусветны крызіс не вельмі пагражае.



Павел Глоба: “У Беларусі ўсё пакуль што будзе дастаткова прадказальна, гэтаму закладам ваш прэзідэнт. Усё ж такі ён будзе дастаткова доўга ў вас. Наступныя выбары яго ўжо будуць не такімі лёгкімі, як раней. Гэта будзе справакавана апазіцыяй, якая да таго часу ўжо здолее падрыхтавацца... Ёсць небяспека праблем і нават катастрофы праз два гады на адным з даволі буйных заводаў. Хутчэй за ўсё, гэта будзе на поўдні, у раёне Гомеля, Мазыра. Гэта канец 2010 — пачатак 2011 года. Увогуле, гэта будзе катастрафічны час — дзесятыя гады XXI стагоддзя.

Што тычыцца агульнай сітуацыі, то для Беларусі вельмі пазітыўна, што яна закансервавалася ў палітычным стане. Яна захаваецца ў дастаткова добрападрыхтаваным стане для магутнейшага рыўка, які адбудзецца ў канцы сусветнага эканамічнага крызісу — гэта будзе пасля 2020 года. Свет упаўзае ў найцяжэйшы крызіс, і тое, што было ў мінулым годзе, гэта нават не пачатак. Пачатак — сур’ёзны — будзе ў 2012 годзе. А Беларусь зможа захавацца”.

Пра АЭС

У сувязі з прадказанай катастрофай Еўрарадыё запыталася ў Глобы, ці падыходзіць тэрыторыя Беларусі для будаўніцтва АЭС. Як вядома, яе плануюць будаваць у Астравецкім раёне.

Павел Глоба: “Дзякуй Богу, што яна не на поўдні будуецца. Вядома, Беларусь не вельмі спрыяльнае месца для такіх пабудоваў, і трэба было б знайсці іншыя крыніцы энергіі. Але на вялікі жаль у бліжэйшыя гадоў 10-15 альтэрнатывы атамнай энергетыкі пакуль не будзе. Пасля 20-х гадоў энергетыка будзе зусім іншай, навука зробіць магутны рывок, якасны. Але пакуль, гадоў 10-15, такой крыніцай вельмі таннай з’яўляецца атамная энергія. А што тычыцца мяжы з Літвой, Астравецкага раёна, там усё будзе дастаткова спакойна, прынамсі, пакуль. Я калі рабіў касмічную мапу Беларусі, то пабачыў, што самае трывожнае месца гэта акурат поўдзень, блізка да чарнобыльскай зоны, Гомельская вобласць”.

Пра малочныя войны і Еўразійскі саюз

Як гэта не дзіўна, Глоба называе “малочныя войны” і іншыя падобныя канфлікты першым этапам з’яднання краін.

Павел Глоба: “Таму што камусьці гэта выгадна. Каму? Беларусі — не, Расіі — не. Значыць, гэта выгадна трэцім сілам, якія вельмі не хочуць узнаўлення той, як яны лічаць, імперыі ў тым аб’ёме, як яна была пры Савецкім Саюзе. Але ж гэтага не будзе. Абавязкова ўзнікне усходнееўрапейскае і паўночнаазіяцкае. Ну, практычна гэта будзе ў межах, блізкіх да Савецкага Саюзу. Можна назваць гэта Еўразіяй, Еўразійскай федэрацыяй. Гэта абавязкова будзе і гэтаму альтэрнатывы ўвогуле няма ніякай. Альтэрнатыва — гэта распад, паглынанне іншымі дзяржавамі.

Еўрасаюз гэта не зможа зрабіць... Ён не можа Польшчу з Прыбалтыкай нармальна ўспрымаць у сваім складзе, ужо праблемы. Што тычыцца далейшага росту Еўрасаюзу — гэта ўжо практычна выключана. Так што у нас Саюз усё роўна будзе, ён будзе павольным, паступовым. Я лічу, што рэальны ён пасля 2020 года. А гэта пачатак, я казаў, што першы этап будзе цяжкім і няпростым і што наўрад ці ён будзе адразу ж на “ура!” успрымацца. Будзе хвалямі. На жаль, мой прагноз зараз пацверджваецца. Пасля 2020 года будзе рэальны саюз, павольная інтэграцыя”.

Чаму у Беларусі нараджаецца шмат таленавітых людзей і чаму яны з’язджаюць

Тое, што Беларусь знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы, вымушае яе, на думку Паўля Глобы, быць у пэўным сэнсе “мёртвай зонай”. З аднаго боку, у яе вельмі моцны патэнцыял, з іншага — яна мусіць быць спакойнай.

Павел Глоба: “Тое ж самае, што адбываецца ў цыклоне. Менавіта ў цэнтры цыклона “мёртвая” кропка, там нічога не дзьме. Тое ж і Беларусь — яна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і ў гэтым цэнтры стан мёртвай цішыні і спакою. Людзі пасіянарныя, вельмі актыўныя, якія імкнуцца да максімальнай самарэалізацыі, у тым ліку і творчай, успрымаюць гэта як дыскамфортныя ўмовы, для іх трэба, наадварот, актыўны пачатак, асяроддзе, якое фармавала б канфліктную сітуацыю, якое знаходзіцца ў іх унутры. Менавіта таму шмат хто з’язджае, а зусім не таму, што яны не з’яўляюцца патрыётамі ці ненавідзяць гэтую краіну.

Дарэчы, некаторыя рэалізуюцца ў другім пакаленні. Напрыклад, знакаміты рускі пісьменнік Аляксандр Грын. Усе лічаць яго рускім пісьменнікам, але насамрэч яго прозвішча было Грынеўскі і бацькі былі родам з-пад Віцебску, былі этнічнымі беларусамі. І толькі ў другім пакаленні нарадзіўся Грын, этнічны беларус. Тое ж самае Гіём Апалінэр, прозвішча якога па маці было Кастравіцкі. Родам яны былі з Навагрудка. Дастаеўскі, бацька якога родам з беларускай Валыні, што на цяперашняй мяжы з Украінай. Аляксандр Чыжэўскі родам з-пад Беластоку. У Гагарына — першага чалавека ў космасе! — былі беларускія карані і па таце, і па маці. Беларусам ёсць кім ганарыцца, і, думаю, гэта ўсё праявіцца ў недалёкай будучыні.

Я нават надрукаваў мапу, дзе нараджаліся ці адкуль ішлі карані вядомых дзеячаў, якія потым сталі здабыткам культуры ўсяго свету. Па межах гэтай  “зоны зацішша” адбываецца моцны ўсплёск нараджэння гэтых людзей. Цэнтр праходзіць недзе пад Мінскам, прыблізна гэта Мар’іна горка — цэнтр Еўропы, я глядзеў. А ўжо за Дняпром, за Воршай — з усходу, да Брэста — з захаду, і з поўдня — гэта па Палессі — вось там гэты агромністы ўсплёск нараджальнасці вядомых, харызматычных людзей”.

Пра тое, ці стане Віцебск другой сталіцай

У 90-х гадах Глоба прадказваў перанясенне сталіцы Беларусі з Мінска ў Віцебск. Еўрарадыё запыталася ў астролага, чаму гэтага да гэтага часу не адбылося.

Павел Глоба: “Гэта будзе ў эпоху Вадалея, а яна толькі пачалася. А гэта павольны і паступовы працэс. Увогуле гэты працэс будзе ісці ў многіх краінах. Як у Вадалея два патокі вады, так і дзве сталіцы ў дзяржаваў. Гэта ўжо пачалося ў Бразіліі, у Паўднёвай Афрыцы, у Аўстраліі, у Пакістане… Мінск застанецца сталіцай, Віцебск будзе ці творчым і духоўным цэнтрам, можа, там будзе пабудавана нешта кшталту сіліконавай даліны, што многіх людзей туды прыцягне. Тым больш, што, наколькі я ведаю, Віцебская зямля зараз самая экалагічна чыстая ў Беларусі. Тут будзе пабудаваны кангламерат навуковых будынкаў. Туды будзе ўкладзена шмат грошай. І толькі пасля гэтага — гэта павольны працэс — Віцебск будзе станавіцца фактычна сталіцай краіны”.

Пра асобу кіраўніка краіны

Пра прэзідэнта Беларусі Глоба выказваецца вельмі канкрэтна.

Павел Глоба: “Не будзе яшчэ доўга асобы такога маштабу. На Беларусі такія людзі нараджаюцца вельмі рэдка. Па маштабе асобы я параўнаў яго з Фідэлем Кастра. Яго здароўя хопіць надоўга”.

Пра паездку Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан

Павел Глоба: "Для Беларусі гэта азначае, што яна выходзіць да міжнароднага прызнання, гэта будзе, але гэта будзе павольны працэс. Пакуль гэта толькі папулісцкія крокі. Беларусь можа праявіцца як адна з важнейшых дзяржаў не толькі Еўропы, але і свету. Але толькі ў 2020 годзе, калі Беларусь выступіць ініцыятарам з’яднання ўсходняй Еўропы. Цяпер пакуль што гэта толькі папулісцкія крокі, замацаванне стасункаў, пазнаванне, але нічога пакуль большага".

Пра беларускія карані Паўла Глобы

Павел Глоба ганарыцца тым, што ў яго ёсць беларуская кроў. І штораз, пралятаючы над Беларуссю, ён адчувае нешта асаблівае.

Павел Глоба: “У мяне таксама ёсць беларускія карані, мая прабабуля мела прозвішча Крумкач і была з Мазырскага павету. І мне гэта вельмі прыемна. Я часта пралятаю над Беларуссю і адчуваю, што яна бліжэй да неба. Духоўна бліжэй, не выпадкова яна Белая Русь. Дарэчы, тут ніколі не бывае гэтых зонаў турбулентнасці, гэта вельмі важна. Атмасферныя франты сутыкаюцца ці крыху далей, ці крыху бліжэй Беларусі. А сама краіна застаецца ў выгадным становішчы”.


Фота — bymedia.net, tonos.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі