Паўла Севярынца зноў выключылі з беларускага ПЭН-цэнтра

Пісьменніка і апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца зноў выключылі з беларускага ПЭН-цэнтра. Яго справу ў аўторак разглядала Рада арганізацыі. Большасць яе сябраў не пагадзіліся з прапановай старшыні ПЭН-цэнтра Святланы Алексіевіч аб часовым прыпыненні сяброўства, альбо аб перанясенні разгляду на 31 кастрычніка (29 кастрычніка — "ноч расстраляных паэтаў").

Раней Севярынца выключылі за нясплату ўнёскаў, але ён іх заплаціў, і сход арганізацыі аднавіў сяброўства. З гэтым не пагадзілася прыблізна трэцяя частка сябраў ПЭН-цэнтра, якая абураная яго "цемрашальскімі поглядамі". Справа ў тым, што нядаўна Павел Севярынец публічна заявіў: у арганізацыі ёсць "гей-лобі" і "марксісты".

Як заявіла напярэдадні Алексіевіч, "справа Севярынца" паставіла ПЭН-цэнтр на мяжу расколу і яна рабіла намаганні, каб яго пазбегнуць.

Цікава, што абскардзіць рашэнне Рады ПЭН-цэнтра аб сваім выключэнні Павел Севярынец зможа толькі праз два гады, на наступным агульным сходзе арганізацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.