Патрапанае беларускае войска і смута ў Расіі — лёс Кадафі для Лукашэнкі

Калі давядзецца ваяваць, перспектывы ў Лукашэнкі стануць зусім незайздросныя / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Войска Беларусі не можа нават абкружыць Кіеў, але Пуцін здольны прымусіць Лукашэнку ваяваць, мяркуе ваенны эксперт Ігаль Левін.
Лукашэнка разумее, што ўвязацца ў вайну ва Украіне са сваімі салдатамі смяротна для яго. Аднак жаданне Пуціна выкарыстаць беларусаў можа стацца мацнейшым за здольнасць Лукашэнкі сядзець на некалькіх крэслах.
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, якая імавернасць удзелу беларускага войска ў вайне супраць Украіны, на што здольны беларускія войскі і ці спрацуе мабілізацыя Пуціна.
"Лукашэнку можа чакаць лёс Кадафі або Хусейна"

Паралельна абвяшчэнню мабілізацыі ў Расіі Лукашэнка таксама загаварыў, што трэба было б праверыць, як там войска і тэрытарыяльная абарона. Потым заявіў, што ніякай мабілізацыі не будзе. Аднак жыццё паказвае, што словы Лукашэнкі трэба дзяліць у лепшым выпадку напалам. Калі мабілізацыя ў Беларусі ўсё ж будзе, войска нашай краіны вялікай ролі ў вайне не адыграе, расказвае Еўрарадыё ваенны эксперт Ігаль Левін.
— Але прыцягнуць УС Беларусі для паўнавартасных баявых дзеянняў могуць. Шанцы падвышаюцца, хоць яны невысокія. УС Беларусі не могуць захапіць Кіеў, ні нават акружыць яго, але якія-небудзь абмежаваныя задачы выканаць могуць.

Змен на фронце ў сувязі з мабілізацыяй не варта чакаць у найбліжэйшыя месяцы, лічыць эксперт. Паколькі гэта складаны арганізацыйны працэс. Падобная думка ў журналіста-расследавальніка Хрыста Грозева.
— Максімум, што можна зрабіць у найбліжэйшыя два-тры месяцы, — гэта крышку запаволіць хуткасць контрнаступу Украіны, таму што змяніць баланс сіл можа толькі навучанае спецыялізаванае войска, якое з гэтых людзей не атрымаецца.
Магчыма, калі адкрыецца новы фронт праз чатыры-пяць месяцаў, то мы ўбачым пазітыўны для Расіі эфект, — кажа Грозеў.
Такі патэнцыйны фронт — Беларусь. На думку Грозева, жывая сіла наўрад ці будзе ісці ва Украіну з Беларусі, як у пачатку вайны.
— Такое рэальна рабіць спецназам. Новага спецназа зараз не з'явіцца. Новыя папаўненні ведаюць, што будуць выконваць ролю гарматнага мяса для прыкрыцця спецназа. Таму будзе велізарнае дэзерцірства. І праз рызыкі ўсяго гэтага, думаю, Пуцін не адважыцца на такую спробу цяпер.
300 тысяч — гэта шмат: чаго чакаць ад мабілізацыі?

300 тысяч чалавек — гэта сапраўды шмат, расказвае Ігаль Левін. Праўда, хутчэй за ўсё, гэта проста прыгожая лічба — адзін адсотак ад усіх расіян, прыдатных па ўзросце да мабілізацыі. Да таго ж не ўсе 300 тысяч будуць на полі бою, калі іх збяруць. Частка будзе займацца лагістыкай, арганізацыяй, забеспячэннем. Ідзе ў бой звычайна 30% ад войска. Змяніць ход вайны гэта не дапаможа. Хутчэй, такі крок — "перадсмяротная пена", адзначае Ігаль.
— Цяпер задзейнічана не менш за сотню тысяч [расійскіх салдат. — Еўрарадыё]. Складана палічыць, таму што ёсць найміты, баевікі з АРДЛА і ніхто ніякія справаздачы не робіць. Магчыма, сто пяцьдзясят, можа быць, дзвесце тысяч.
Яшчэ трыста тысяч не могуць мабілізаваць адразу. Гэта будуць прызыўнікі восені 2021 года, якіх павінны былі ў кастрычніку адпусціць. Гэта прыкладна сто тысяч чалавек. Далей будуць, мабыць, набіраць тых, хто ў запасе. Плюс тыя, у каго ёсць сірыйскі досвед, чачэнскі і гэтак далей. Колькі іх, таксама сказаць складана, — працягвае ваенны эксперт.
Сабраць 300 тысяч чалавек — гэта толькі частка справы. Іх трэба яшчэ і забяспечыць, а з гэтым праблема.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.