Брытанцы расказалі пра катаванні ў расійскім палоне

Джон Хардзінг са сваёй сястрой / dailymail.co.uk

Грамадзяне Вялікабрытаніі, якія ваявалі на баку Украіны, расказалі пра катаванні ў расійскім палоне, піша dailymail.co.uk. Адтуль удалося вызваліць Эйдэна Асліна, Шона Пінэра, Джона Хардзінга, Дзілана Хілі і Эндру Хіла. А брытанскі валанцёр Пол Уры не дачакаўся абмену, загінуў у так званай "ДНР" у ліпені.

Брытанцы расказваюць, што ў палоне іх білі токам, наносілі нажавыя раненні і рабілі інсцэніроўкі выканання смяротнага пакарання. Хардзінг кажа, што для катаванняў выкарыстоўваўся стары тэлефон — ваеннапалонным загадвалі набраць нумар, а калі цыферблат паварочваўся, іх білі токам. Збіццё магло працягвацца гадзінамі. "Думаю, нас катавалі дзеля забавы", — мяркуе брытанец.

А яшчэ былі псіхалагічныя катаванні. Ахоўнікі прымусілі таго ж Джона Хардзінга запісаць развітальнае відэа для дачкі перад расстрэлам, які аказаўся інсцэніроўкай. З Эйдэнам Аслінам было нешта падобнае. А яшчэ ад ахоўнікаў у турме ён атрымаў нажавыя раненні.

У вынік абмену ваеннапалонныя спачатку трапілі ў Саудаўскую Аравію, дзе атрымалі меддапамогу. Цяпер працягнуць лячэнне на радзіме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.