Грамадзянін Вялікабрытаніі памёр у палоне ў так званай “ДНР”

У  палоне ў "ДНР" памёр грамадзянін Вялікабрытаніі Пол Уры, піша РІА Новости са спасылкай на амбудсмена ДНР Дар'ю Марозаву. Пол Уры ваяваў  на баку Украіны. Ён трапіў у палон яшчэ ў красавіку. Яго не стала 10 ліпеня. 

Расійскія медыі называюць прычынай смерці хранічныя захворванні, у тым ліку дыябет, і “стрэс”. Амбудсмен ДНР настойвае, што палоннаму была аказаная “адпаведная медыцынская дапамога”, а ягоны падаўлены псіхалагічны стан быў выкліканы "абыякавасцю да яго лёсу на радзіме".

"Прадстаўнікі Вялікабрытаніі праігнаравалі нават магчымасць правядзення перамоў пра яго вяртанне ў рамках працэдуры абмену палоннымі. Больш за тое, не падалі патрэбных медычных прэпаратаў па лініі МКЧК", — гаворыцца ў паведамленні "ДНР".
 

"Фізічна гэта мой сын, але паводзіць сябе ненатуральна"

Па словах прадстаўнікоў т.зв. ДНР, брытанцы затрымалі пры спробе прарыва праз блокпост. Па дадзеных некамерцыйнай арганізацыі Presidium Network, ён быў затрыманы на кантрольна-прапускным пункце разам з таварышам брытанцам Дзіланам Хілі. Гэтая арганізацыя сцвярджае, што брытанец працаваў ва Ўкраіне як добраахвотнік "па аказанні гуманітарнай дапамогі". Яе цытуе брытанская The Guardian.

Іншае брытанскае выданне The Independent піша, што ў траўні па расійскім тэлебачанні паказалі кадры з Полам Уры, на якіх ён распавядае, навогта прыехаў ва Украіну. На гэтых кадрах ён крытыкуе брытанскія ўлады і медыя. А таксама кажа, што ездзіў у Ірак, Афганістан і Лівію, "каб дапамагчы рэвалюцыі". Брытанскае выданне цытуе маці памерлага, якая пасля гэтага інтэрв'ю сказала, хто хоць "фізічна гэта мой сын", ён паводзіць сябе нязвыклым чынам.

"Яго словы надта штодзённыя, а выраз твару прымушае мяне не верыць таму, што ён кажа. Звычайна ён гаворыць хутка і па справе. Я ведаю свайго сына, як і любая маці, і гэта ненатуральна для яго".
 

Хто яшчэ знаходзіцца ў палоне

У красавіку ў палон ДНР трапіла тры замежнікі: два грамадзяніна Вялікабрытаніі і адзін грамадзянін Марокка. Так званы “суд ДНР” вынес у іх адносінах смяротныя выракі. Еўрарадыё распавядала гісторыю аднаго з палонных.

Наўпрост цяпер у палоне знаходзяцца два грамадзяніна Беларусі Ян "Тромблі" Дзюрбейка і Сяргей "Клешч" Дзёгцеў. Яны ўключаныя ў спісы на абмен ваеннапалонных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.