Патоп у Мінску адбыўся з-за трапічнага паветра і… баброў

Пра прычыны нядаўняга стыхійнага бедства ў Мінску гавораць сіноптыкі і астролагі Як паведамілі Еўрарадыё у рэспубліканскім гідраметэацэнтры, раней такія вялікія залевы, як сёлетнія, здараліся раз на 10-15 гадоў. Цяпер інтэнсіўнасць змянілася, і за апошнія 6 гадоў гэта ўжо трэці патоп. Мінулыя залевы былі летам 2007 года, а пазамінулыя летам 2004-га. Цікава, што ўсе гэтыя залевы здараліся ў ліпені, у 24-25 чыслах.

Вольга Фядотава, галоўны сіноптык гідраметэацэнтра, кажа, што ў Беларусь стала часцей зазіраць трапічнае паветра.

Вольга Фядотава: “Такія моцныя залевы — з’ява вельмі рэдкая. Па статыстыцы яны здараюцца раз на 10-15 гадоў, не часцей. Усё залежыць ад таго, як развіваюцца атмасферныя працэсы. І вось у апошнія гады тэрыторыя Беларусі часцей знаходзілася на шляху руху вельмі вільготных паветраных мас Міжземнамор’я, трапічнае паветра літаральна дасягала Мінска. Таму залевы былі часцей”.

Галоўны сіноптык працягвае, што з іншага боку да нас прыходзіць холад з Атлантыкі. На пытанне, ці будуць цяпер такія залевы часцей, яна адказвае станоўча.

Вольга Фядотава: “Тут яшчэ адбіваюцца ваганні клімату, таму часцей бывае, напрыклад, трыццаціградусная спёка на поўдні краіны. Хаця б на некалькі дзён гэтае трапічнае паветра дасягае Беларусі. І тады датыкаюцца халаднаватае паветра з Атлантыкі і вельмі цёплае трапічнае паветра, і ўзнікае гэты букет непрыемных з’яў — навальніцы, шквалістыя ўзмацненні ветра, град і моцныя залевы. Мяркуючы па характары развіцця клімату ў бліжэйшыя гады, магчыма, што моцныя залевы будуць часцей”.

Еўрарадыё вырашыла запытацца ў астролага, як можна патлумачыць супадзенне часу залеваў у розныя гады. Ірына Махнач, астролаг авестыйскай школы астралогіі, сказала, што для таго, каб патлумачыць гэта, трэба рабіць даволі вялікія разлікі. Аднак чаму сёлета так шмат вады ў нас — для яе не загадка.

Ірына Махнач: “Што тычыцца гэтага году, то ён — па сатурніянскім календары — звязаны з бабром, а бабёр, у сваю чаргу, заўсёды звязаны з вадой. І не проста так у гэтым годзе як ні ў адным іншым — столькі дажджоў”.

фота — pics.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі