Пасля вяртання з-за мяжы затрыманы Васіль Хамутоўскі

Васіль Хамутоўскі / pressball.by

Затрыманы былы футбаліст і трэнер Васіль Хамутоўскі, піша "Трыбуна". Пасля выбараў 2020-га ён асудзіў гвалт сілавікоў, падпісаўся пад патрабаваннем сумленных выбараў. Быў аштрафаваны за ўдзел у пратэстах. Пасля з’ехаў з краіны, працаваў у Саудаўскай Аравіі, ва Украіне, у Румыніі. Затрыманне Хамутоўскага адбылося пасля яго вяртання ў Беларусь. У тг-каналах, звязаных з сілавікамі, з'явілася відэа з ім.

На 44-гадовага Васіля Хамутоўскага распачалі крымінальную справу.

Трэнер украінскага "Львова" Алег Дулуб, які быў з Хамутоўскім на сувязі, расказаў @nashaniva абставіны яго затрымання: "Ён паехаў у Беларусь рабіць аперацыю на калене, бо атрымаў траўму на трэніроўцы... Вырашыў, што будзе рабіць аперацыю менавіта ў Беларусі. Не меў ніякіх прадчуванняў, што прыезд у Беларусь можа для яго дрэнна скончыцца, усё было спакойна. Хутка ён павінен быў далучыцца да працы ў нас у клубе".

У 2000-2008 гадах брамнік Васіль Хамутоўскі выступаў за нацыянальную зборную Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.