Пасля візіту Лукашэнкі аперацыйныя анкацэнтра ў Бараўлянах працуюць па 12 гадзін

РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах / omr.by
РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах / omr.by

У РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах пасля візіту Аляксандра Лукашэнка пачалі актыўна змагацца з чэргамі. Калі раней аперацыйныя працавалі па 7 гадзін у дзень, то зараз яны працуюць у дзве змены і 12 гадзін у дзень. Разглядаецца магчымасць зрабіць суботу працоўным днём.

"Каб чаргі не было на аперацыі, робім двухзменную працу аперацыйных. Мы зараз разглядаем, каб суботу зрабіць працоўным днём. У дзень у нас праводзіцца каля 100 аперацый", — заявіў каналу ОНТ Алег Суконка, дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.

Быў створаны кол-цэнтр, мэта якога разгрузіць чаргу, каб людзі гадзінамі не сядзелі ў будынку:

"Усе імкнуцца прыехаць, пракансультавацца, атрымаць усе дадзеныя. Едуць з усёй рэспублікі, часцей за ўсё прыязджаюць раніцай, мы ім адмовіць не можам, ствараецца жывая чарга. Больш людзей раніцай, таму колл-цэнтр будзе накіраваны на тое, каб разгрузіць гэтую чаргу, каб яна была планамернай — з васьмі раніцы да васьмі вечара ", — распавядае Ірына Даніленка, намеснік дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.

30 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка наведаў новы пансіянат пры РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. У ходзе візіту ён распавёў, што яму часта дакладваюць аб скаргах на чэргі ў анкацэнтры:

"Людзі месяцамі стаяць у чарзе, каб быць праапераваны ў анкалагічным цэнтры. Чаму не навялі парадак да майго прыезду?", — абурана задаваў рытарычныя пытанні Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў анкацэнтр.

Неўзабаве пасля візіту ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі вырашылі перавесці аперацыйныя на 12-гадзінны працоўны дзень і задумваюцца аб шасцідзённым працоўным тыдні.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі