Пасля пройгрышу ташкенцкаму клубу "Дынама-Мінск" адмовілася ад пяці хакеістаў
Мінскае "Дынама" абвясціла, што развітваецца з пяцю хакеістамі. У іх ліку — чатыры гульцы нацыянальнай зборнай.
Рашэнне было прынятае па выніках Кубка губернатара Ніжагародскай вобласці, паведамляе прэс-служба хакейнага клуба. Нагадаем, што на спаборніцтвах "зубры" прайгралі ташкенцкаму "Хума" з лікам 1:5.
Клуб вырашыў скасаваць кантракты з Сяргеем і Аляксандрам Маляўкамі, Арцёмам Волкавым, Максімам Парфеяўцом. Акрамя таго, прагляд у камандзе не прайшоў форвард моладзевай зборнай Віктар Масілевіч.
Гендырэктар мінскага "Дынама" Дзмітрый Баскаў падкрэсліў, што гэта ўзаемныя рашэнні. "У будучым сезоне хакеісты, з якімі мы расстаемся, наўрад ці атрымалі б шмат гульнявой практыкі ў "Дынама". Між тым, і браты Маляўкі, і Арцём Волкаў, і Макс Парфеявец, і Віктар Масілевіч уваходзяць у сферу інтарэсаў нацыянальнай зборнай, і наша агульная задача — у аптымальнай форме падвесці іх да чэмпіянату свету", — растлумачыў ён.
Баскаў дадаў, што "Дынама" будзе фармаваць свой склад з акцэнтам на моладзь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.