Паранены міліцыянер знаходзіцца ў цяжкім, але стабільным стане

Паранены міліцыянер знаходзіцца ў цяжкім, але стабільным стане

Паранены 17 жніўня ў вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёна міліцыянер знаходзіцца ў цяжкім, але стабільным стане, інфармуе БЕЛТА. У пятніцу 57-гадовы мужчына адкрыў стральбу ў праваахоўнікаў з паляўнічай стрэльбы. Адзін з іх загінуў. Як інфармуе сайт nn.by, гэта — маёр Ігар Лукашэвіч, 1976 года нараджэння (званне загінулага згадваецца ў паведамленні прэс-службы МУС). Гэта не быў яго ўчастак, ён прыехаў, паколькі ў Бабровічах не было свайго ўчастковага. У Лукашэвіча засталіся жонка і непаўналетні сын (па іншай версіі — двое дзяцей).

Вядома, што супрацоўнікі міліцыі праводзілі рэйд у вёсцы Бабровічы, куды прыехалі раніцай 17 жніўня. Яны мелі інфармацыю, што адзін з вяскоўцаў мае незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу. Каля 12-й гадзіны міліцыянеры падыходзілі да дома, калі па іх пачалі страляць. Адзін быў забіты, другі паранены. У вёску было выклікана падмацаванне, у тым ліку і АМАП. Стралок забарыкадаваўся ў хаце (у ёй ён быў адзін) і пагражаў працягнуць стральбу. Па адной версіі, мужчына здаўся сам, па іншай — яго схапілі АМАПаўцы ў выніку "спецаперацыі". Тэлеканал "Беларусь 1" інфармуе, што стралка схапілі байцы спецпадраздзялення МУС "Алмаз". Адзначаецца, што ў Бабровічы прыязджала кіраўніцтва МУС і Следчага камітэта, але хто менавіта, не паведамляецца.

Паранены міліцыянер 1995 года нараджэння. Ён знаходзіцца ў Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Як інфармуе тэлеканал АНТ, у яго стралялі шротам. У мужчыны шматлікія раненні грудной клеткі і паяснічнай вобласці, пашкоджаныя ўнутраныя органы. Быў спынены ўнутрыбрушны крывацёк. Паранены знаходзіцца ў рэанімацыі ў медыкаментозным сне.

Як інфармуе афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Іванюк, крымінальную справу распачалі па артыкулах "забойства асобы ў сувязі са здзяйсненнем ёй службовай дзейнасці" і "замах на забойства двух асобаў у сувязі са здзяйсненнем імі службовай дзейнасці". Затрыманы ў бліжэйшы час будзе асведчаны, каб высветліць, ці не быў ёй у наркатычным ці алкагольным ап'яненні. Яго чакае псіхолага-псіхіятрычная экспертыза (некаторыя мясцовыя жыхары кажуць, што мужчына апошнім часам паводзіў сябе неадэкватна).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі