Памёр былы намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, прыхільнік рэформаў

Памёр былы намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, прыхільнік рэформаў

Памёр былы намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. Яго не стала ў аўторак, паведамляе tut.by. Ён быў вядомы сваімі ліберальнымі поглядамі на эканоміку і заклікаў “жыць па сродках”. Прычынай смерці Андрэя Тура стала сур’ёзная хвароба: нядаўна ён перанёс аперацыю на сэрцы. Яму было 62 гады.

Тур быў сярод вышэйшых службовых асобаў Беларусі з 1995 году. Ураджэнец Ленінграда і выпускнік мінскага наргаса, які абараніў кандыдацкую дысертацыю ў 27 гадоў, а доктарскую — у 39, ён заняў тады пасаду намесьніка міністра эканомікі. Ён быў адным з доўгажыхароў сярод намеснікаў міністра, займаючы гэтую пасаду да лістапада 2011 года.

Прычынай такога вялікага стажу на пасадзе называлі яго высокую кваліфікацыю, а таксама ўменне падаць непапулярныя эканамічныя рашэнні як прагрэсіўныя. Менавіта з удзелам гэтага чыноўніка была распрацаваная дырэктыва № 4 аб лібералізацыі.

У 2011-м годзе Тура прызначылі намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта. Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы яго на гэтую пасаду, заклікаў да пераменаў, адзначыўшы, што эканамічны блок у Адміністрацыі прэзідэнта павінен не дубляваць дзейнасць ураду, а набыць палітычную афарбоўку. Гэтай пасады Тур пазбавіўся ў канцы 2013-га, пасля прэзідэнцкага разносу на “Барысаўдрэве”.

У апошнія гады Андрэй Тур быў загадчыкам кафедры ў БНТУ. У яго засталіся жонка і дачка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі