Памёр “брытанскі Шындлер”, які ўратаваў падчас вайны 669 дзяцей

Сэр Нікалас Уінтан, вядомы як “брытанскі Шындлер”, памёр 1 ліпеня ва ўзросце 106 гадоў, паведамляюць замежныя СМІ. Ён стаў вядомы як уратавальнік 669 габрэйскіх дзяцей у Чэхаславакіі.

У 1938 годзе Уінтан прыехаў у Прагу, калі Чэхаславакія ўжо была акупаванай. Брытанец зразумеў, што габрэям у гэтай краіне пагражае гібель і таму пад выглядам дабрачыннай арганізацыі па ўсынаўленні зладзіў пераезд дзяцей з Прагі ў Лондан. У Англіі ён разам са сваёй маці шукаў ахвочых даць прытулак бежанцам з Чэхаславакіі. Усяго ён арганізаваў восем эшалонаў дзяцей ва ўзросце ад 2 да 15 год, у асноўным габрэйскага паходжання.

У 1940 годзе Уінтан паступіў на службу ў Каралеўскія ваенна-паветраныя сілы і праслужыў у іх да 1954 года. Пра свой учынак у Празе ён маўчаў амаль 50 гадоў. Пра гэта выпадкова даведалася жонка героя, якая знайшла нататнік таго перыяду з адрасамі прыёмных бацькоў габрэйскіх дзяцей.

У 2003 годзе каралева Вялікабрытаніі ўзвяла Нікаласа Уінтана ў рыцарскі стан.

Фота: radio.cz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі