Памёр Алесь Ліпай

23 жніўня памёр Алесь Ліпай. Заснавальніку інфармацыйнага агенцтва БелаПАН было 52 гады. У апошнія гады ён цяжка хварэў, у яго была анкалогія.

Алесь Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газеце "Знамя юности", яшчэ ў савецкія часы быў карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі. У 1991 годзе было заснаванае незалежнае інфармагенцтва БелаПАН, ад пачатку ім кіраваў Ліпай. Ён таксама вядомы як паэт, выдаў два зборнікі вершаў. Быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.

У чэрвені 2018-га ў дачыненні Алеся Ліпая распачыналася крымінальная справа "за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры" ("з-за нявыплаты падаходнага падатку з даходаў, якія паступілі з-за мяжы"), у яго кватэры прайшоў ператрус. Ліпай заплаціў і падатак, і пеню. Гэтая сітуацыя не магла не адбіцца на яго здароўі.

Пахаванне Алеся Ліпая адбудзецца 26 жніўня ў Рудзенску. Развітанне пройдзе ў храме Святога Арханёла Міхаіла ў Мінску. Яно пачнецца ў 21:30 у суботу, 25 жніўня, і працягнецца да 10:30 раніцы 26 жніўня.

Еўрарадыё выказвае спачуванні блізкім і родным Алеся Ліпая.