Вы тут

Памілаванага экс-кіраўніка з будтрэста зноў злавілі на карупцыі — ужо на БелАЭС

pixabay.com

УУС Брэсцкага аблвыканкама пачало крымінальную справу на былога начальніка філіяла брэсцкага будтрэста №8 і дырэктара прыватнай будаўнічай фірмы. Іх падазраюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры.

Праваахоўнікі выявілі, што ў 2014 годзе начальнік з будтрэста без конкурсу замовіў работы на адным з аб'ектаў прыватнай арганізацыі. Як даведаўся TUT.by, прыватнік павінен быў рабіць сцяжку падлогі ў адным з будынкаў Беларускай АЭС. Супрацоўнікі будаўнічай фірмы без падпісання дамовы мусілі выконваць работы, а потым экс-начальнік заключыў бы з дырэктарам дамову арэнды абсталявання, якое на аб'ект фактычна не пастаўлялася. Пасля гэтага на рахунак фірмы была б пераведзеная агавораная сума. У выніку фірме пералічылі 680 мільёнаў недэнамінаваных рублёў — гэта на 210 мільёнаў больш, чым прапаноўвалі іншыя будаўнічыя кампаніі за тыя ж працы. 

Падчас праверкі супрацоўнікі УБЭП высветлілі, што гадзіна выкарыстання звычайнай помпы паводле гэтай дамовы каштавала будтрэсту прыкладна столькі ж, як і арэнда вежавага крана на суткі.

На экс-начальніка і дырэктара фірмы пачалі крымінальную справу за крадзеж у асабліва буйным памеры.

Паводле інфармацыі TUT.by, прыватнік раней не праходзіў па крымінальных справах, а вось экс-начальнік ужо быў падазраваным па справе аб крадзяжы. На той самай пасадзе ён раней спрабаваў незаконна ўзбагаціцца на рэканструкцыі тэатра лялек. У 2014-2015 гадах гэты начальнік разам з калегам з іншай будаўнічай фірмы выкарыстоўвалі таварна-транспартныя накладныя з фальшывымі звесткамі пра пастаўкі прыватным прадпрыемствам будматэрыялаў на адрас дзяржаўнай арганізацыі. Насамрэч матэрыялы не пастаўляліся, але спісваліся як выдаткаваныя на будаўнічых аб'ектах. Потым на падставе гэтых дакументаў прыватная фірма атрымлівала ад будаўнічай арганізацыі аплату. Атрыманыя грошы ўдзельнікі схемы выкарыстоўвалі для ўласных патрэбаў. Прычыненая шкода была ацэненая прыкладна ў 100 тысяч долараў.

У калонію за тыя злачынствы экс-начальнік не трапіў: ён кампенсаваў шкоду ў трайным памеры і напісаў прашэнне аб памілаванні, якое задаволіў кіраўнік дзяржавы.