Вы тут

Памежнікі перададуць Алеся Міхалевіча супрацоўнікам МУС

Памежнікі затрымалі экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча як асобу, якая знаходзіцца ў вышуку. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Па яго словах, затрыманага палітэмігранта перададуць супрацоўнікам МУС. У каментары Еўрарадыё прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч паведаміў, што Міхалевіча даставяць у Мінск:

Шалькевіч: "Наколькі я ведаю, у Мінск. Крымінальная справа знаходзіцца ў вядзенні Следчага камітэта".

Як паведамляла Еўрарадыё, 8 верасня палітэмігрант вяртаўся на радзіму цягніком Вільня-Мінск. На станцыі Гудагай яго затрымалі.

Алесь Міхалевіч пакінуў краіну ўвесну 2011 года. На яго застаецца адкрытай справа па абвінавачанні ў "масавых беспарадках" 19 снежня 2010 года. Міхалевіча затрымалі разам з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты ў ноч на 20 снежня. У турме КДБ яго завербавалі, пра што палітык распавёў пасля свайго выхаду на волю. Пасля гэтага Міхалевіч таемна пакінуў Беларусь і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.