Памерла маці 17-гадовага Цімура, які трапіў у рэанімацыю пасля затрымання

Памерла маці 17-гадовага Цімура, які трапіў у рэанімацыю пасля затрымання

У Мінску памерла 44-гадовая Таццяна М. — маці 17-гадовага Цімура, які апынуўся ў рэанімацыі пасля затрымання на акцыі пратэсту. У жанчыны засталіся дзевяць дзяцей, сямёра з іх непаўналетнія. 

Як піша "Наша Ніва", прычыну смерці сваякі пакуль не назвалі.

Праваслаўная актывістка Наталля Васілевіч адзначыла, што жанчыну "моцна падкасіла гісторыя гвалту, які перажыў яе сын, гісторыя яго пераследу".

Як распавядала Еўрарадыё, 17-гадовага Цімура затрымалі падчас акцыі пратэсту 12 жніўня. З пастарунку яго прывезлі ў лякарню моцна збітым. У хлопца былі шматлікія траўмы, нейкі час яго трымалі ў медыкаментознай коме. Тагачасны міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, быццам падлетка даставілі ў лякарню пад псіхатропамі, але медыцынскія дакументы гэта абвяргаюць. 

Калі хлопца перавялі з рэанімацыі ў звычайную палату, стала вядома, што на яго пачалі крымінальную справу за ўдзел у масавых беспарадках. Пасля допыту Цімур зноў трапіў у рэанімацыю. Пасля чарговага пераводу ў звычайнае аддзяленне хлопец уцёк з лякарні, яго месцазнаходжанне дагэтуль невядомае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі