Вы тут

Памерла расійская акторка Вера Глаголева

Вера Глаголева. Фота: 24smi.org

16 жніўня ў ЗША на 62-м годзе жыцця памерла акторка, народная артыстка Расіі Вера Глаголева. Пра гэта са спасылкай на яе сяброўку — акторку Ларысу Гузееву — піша РІА "Навіны".

Па звестках сайта mk.ru, апошнім часам Вера Глаголева змагалася з анкалагічным захворваннем. Крыніца, блізкая да сям'і актрысы, на якую спасылаецца выданне, паведамляе, што Глаголева памерла ў ЗША.

Вера Глаголева ў маладосці. Фота: "Кінапошук".

Вера Глаголева нарадзілася 31 студзеня 1956 года. У кіно дэбютавала ў 1975 годзе — гэта быў фільм “На край свету” ​​рэжысёра Радзівона Нахапетава.

Усяго Вера Глаголева знялася амаль у 50 фільмах, самыя вядомыя з якіх — “Не страляйце ў белых лебедзяў”, “Выйсці замуж за капітана”, “Нядзельны тата”. Таксама Глаголева зняла шэсць фільмаў у якасці рэжысёра, была сцэнарыстам і прадзюсарам.

Муж Веры Глаголевай — расійскі бізнесмен Кірыл Шубскі. Іх дачка Наста Шубская замужам за вядомым хакеістам Аляксандрам Авечкіным.