Вы тут

Палітвязню Аляксандраву працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да лістапада

Андрэй Аляксандраў / З архіву Еўрарадыё

Палітвязню Андрэю Аляксандраву працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы — да 12 лістапада. Пра гэта журналіст і медыяменеджар паведаміў у лісце сваім сябрам, паведамляе БелаПАН.

Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна знаходзяцца за кратамі ўжо 8 месяцаў. Спачатку яму выставілі абвінавачванне ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Нібыта Аляксандраў і Злобіна "фінансавалі масавыя беспарадкі" — аплацілі больш за 250 штрафаў пратэстоўцам. У чэрвені Андрэю Аляксандраву было выстаўлена абвінавачванне ў "здрадзе дзяржавы". А ў канцы лета стала вядома, што яго падазраюць "ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры". "Віну катэгарычна адмаўляе",сказаў адвакат Аляксандрава.

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна яшчэ ў студзені 2021-га былі прызнаны палітзняволенымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.