Палітвязня Паўла Белавуса абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве"

Павел Белавус / З архіву Еўрарадыё
Павел Белавус / З архіву Еўрарадыё

Палітвязню Паўлу Белавусу выставілі абвінавачанне ў "здрадзе дзяржаве", "кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем", "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь", паведамляе Следчы камітэт. Сцвярджаецца, што "пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі". Па версіі СК, Белавус "стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы" і "сваімі злачыннымі дзеяннямі... на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы".

СК згадвае дзейнасць Паўла Белавуса ў якасці прадпрымальніка, называе сумы, якія ён нібыта "атрымаў ад замежных спонсараў".

Павел Белавус — заснавальнік мінскай крамы Symbal.by, у якой прадаваліся вопратка і сувеніры з нацыянальнай сімволікай (у 2020-м закрылася пад ціскам уладаў). За кратамі ён знаходзіцца з лістапада 2021-га.

Накладзены арышт на маёмасць Белавуса на агульную суму больш за 50 тысяч рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі