Палітолагі: Адмена санкцый можа прывесці да жорсткіх эканамічных рэформаў

Палітолагі: Адмена санкцый можа прывесці да жорсткіх эканамічных рэформаў

12 кастрычніка Савет Еўрасаюза выказаў гатоўнасць прыпыніць санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Рашэнне пра іх замарозку будзе прынятае да канца кастрычніка.

Якія адмоўныя і станоўчыя наступствы прынясе нашай краіне адмена санкцый?

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў кажа, што гэтыя санкцыі не маюць прамога ўплыву на беларусаў. Але ўскоснае дзеянне ўсё ж аказваюць.

Перш за ўсё — на імідж краіны. Санкцыі, адпужваюць людзей, бізнес, заходнія інвестыцыі.

Другім адмоўным момантам, на думку палітолага, з’яўляецца адсутнасць палітычнага дыялога, што кепска ўплывае на палітычны клімат. Шмат пытанняў, якія ўжо даўно маглі быць вырашаныя паміж Захадам і Беларуссю, стопарацца. Напрыклад, пытанне малога памежнага руху з Польшчай і Літвой ці спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС.

Пачнецца больш інтэнсіўны палітычны і эканамічны дыялог паміж афіцыйным Мінскам і Бруселем. А гэта можа палепшыць стан грамадства, бо кантактаў з Еўрапейскім саюзам стане больш”, — кажа Мельянцоў.

Кіраўнік беларускага Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі мяркуе, што на людзях адмена санкцый непасрэдна не адаб’ецца.

Зняцце санкцый адчыняе беларускім уладам доступ да міжнароднага стабілізацыйнага крэдыту МВФ памерам у 3-3,5 млрд долараў. Такім чынам будзе падтрыманая стабільнасць нашай эканомікі.

“Калі Беларусь усё ж атрымае гэты крэдыт, тады трэба чакаць пачатку рэформаў, якія будуць, відаць, вельмі жорсткія. З улікам тых умоў, якія выстаўляюцца нам цяпер МВФ. Мне здаецца, што беларусы атрымаюць перамены”, — кажа палітолаг.

Палітолагі: Адмена санкцый можа прывесці да жорсткіх эканамічных рэформаў
Пра гатоўнасць адмены санкцый паведаміў дзяржсакратар па еўрапейскіх справах пры МЗС Францыі Арлем Дэзір. Фота: AFP.

Палітолаг Павел Усаў кажа, што ён не бачыць станоўчых бакоў у адмене санкцый. На яго думку, Еўрасаюз чакае, што такі крок створыць умовы для дэмакратызацыі і лібералізацыі ў краіне, але гэта глыбокая і стратэгічная памылка.

Палітолаг мяркуе, што асноўны прыярытэт Лукашэнкі — захаванне ўлады. І ніякай лібералізацыі, якая б магла падарваць стабільнасць яго кіравання, не будзе праводзіцца. Ён выкарыстае пацяпленне з ЕС, кажа палітолаг, для таго, каб атрымаць дадатковыя фінансавыя рэсурсы для стабілізацыі палітычнай сістэмы.

“Грунтоўных палітычных, эканамічных, ідэалагічных зменаў ад адмены санкцый не будзе. Але стаўленне да Еўрасаюза з боку беларускага дэмакратычнага грамадства зменіцца, бо значная большасць тых, хто супрацьстаяў рэжыму Лукашэнкі, будуць адчуваць, што ім здрадзілі”, — выказвае сваё меркаванне эксперт.

Мацней за ўсіх адмену санкцый адчуюць так званыя алігархі з атачэння Лукашэнкі. А простыя людзі, як былі ў складаных эканамічных і сацыяльных умовах, так і застануцца, бо рэжым мяняцца не будзе, рэзюмуе Павел Усаў

Нагадаем, Еўрасаюз хоча замарозіць санкцыі супраць Беларусі на 4 месяцы. Паводле наяўнай інфармацыі, прыпыненне будзе дзейнічаць у дачыненні да юрыдычных і фізічных асоб з чорнага спісу, тады як зброевае эмбарга застанецца ў сіле. Мяркуецца, што санкцыі змогуць быць вернутыя ў любы момант.

Фота: Albert Gea/Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі