Палітолаг: "Замарозка" санкцый не сведчыць пра тое, што ЕС прызнае выбары
![Палітолаг: "Замарозка" санкцый не сведчыць пра тое, што ЕС прызнае выбары](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/newsbel.by-2.07.2015-kawc7zuidfyb14eqngyzuw4ysbxyt6ne.jpeg.webp?itok=MxKUKhgK)
Гучнай навіной дня стала паведамленне, што на наступным тыдні ЕС можа прыпыніць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. У тым ліку можа быць знятая забарона на ўезд у краіны Еўрасаюза для Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Reuters.
Пры гэтым санкцыі будуць не адмененыя, а толькі "замарожаныя" на год. Палітолаг Дзяніс Мельянцоў у каментары Еўрарадыё зазначае, што замарожванне санкцый —− гэта адказ на вызваленне беларускіх палітзняволеных.
Мельянцоў: “Апошнія некалькі тыдняў еўрапейская дыпламатыя знаходзіцца ў стане актыўных кансультацый. Зразумела, што трэба нейкім чынам адрэагаваць на вызваленне палітзняволеных, бо гэта было адно з патрабаванняў ЕС і ЗША. І проста так пакінуць выкананне гэтага патрабавання без крокаў насустрач было б няправільна, бо гэта не падтрымлівала б працэс набліжэння”.
Палітолаг мяркуе, што зняць санкцыі проста так таксама нельга, бо яны звязаныя больш з выбарамі, а не з тым, што палітыкі сядзелі ў турмах. Было шмат варыянтаў адказу на гэтае дзеянне — ад частковага зняцця санкцый да спрашчэння візавага рэжыму. У выніку быў знойдзены кансэнсус у выглядзе "замарозкі" санкцый, бо гэта не адмяняе санкцыі, але прыпыняе іх дзейнасць. Па словах Мельянцова, ЕС такім чынам дасылае сігнал, што Брусэль гнуткі і можа рэагаваць на змены ў Беларусі.
Разам з тым палітолаг упэўнены, што прыпыненне санкцый ніяк не сведчыць пра тое, што выбары прэзідэнта 11 кастрычніка будуць прызнаныя з боку ЕС.
![Палітолаг: "Замарозка" санкцый не сведчыць пра тое, што ЕС прызнае выбары](/sites/default/files/styles/round_photo/public/paragraphs/quote/meliantsov-denis.jpg.webp?itok=cr2dITqx)
Гэта ўсё будзе залежаць ад таго, якая карціна будзе падчас выбараў. Хутчэй за ўсё, выбары прызнанымі не будуць. Хутчэй за ўсё, будзе знойдзеная формула, як ў 2008 годзе, калі АБСЕ скажа, што былі нейкія паляпшэнні і можна далей развіваць стасункі.