Палітолаг: Удзел Лукашэнкі ў саміце ў Празе неабходны для Беларусі

Еўрасаюз дагэтуль не можа вырашыць, ці запрашаць Аляксандра Лукашэнку на саміт па "Ўсходнім Партнёрстве" ў Прагу 7 траўня. Адміністрацыя прэзідэнта і беларускі МЗС пакуль у падвешаным стане і пра афіцыйнае запрашэнне інфармацыі не маюць. Як паведаміў Еўрарадыё кіраўнік прэзідэнцкай прэс-службы Павел Лёгкі, як толькі прэзідэнт атрымае афіцыйнае запрашэнне, ён разгледзіць яго і прыме рашэнне.

Павел Лёгкі: “Я не ведаю, ці атрымліваў прэзідэнт запрашэнне. У кожным разе, я нічога пра гэта вам сказаць не магу. Як толькі будзе атрыманае адпаведнае запрашэнне, безумоўна, прэзідэнт яго разгледзіць і прыме сваё рашэнне”.

У Міністэрстве замежных спраў пакуль таксама няма афіцыйнай інфармацыі на гэты конт.

Нагадаем, міністры замежных спраў краінаў Еўрасаюза прынялі рашэнне запрасіць Лукашэнку на саміт. Але ў той жа час дадуць яму зразумець, што ў Прагу 7 траўня мусіць паехаць не ён, а хтосьці іншы — напрыклад, міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў.

Такое рашэнне бачыцца найбольш аптымальным, улічваючы, што некаторыя краіны-члены ЕС не хочуць бачыць Лукашэнку ў Празе. Паводле інфармацыі Дзяніса Мельянцова, аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, некаторыя ўдзельнікі саміту не гарантуюць стрымліваць эмоцыі, калі пабачаць там беларускага прэзідэнта.

Дзяніс Мельянцоў: “Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў выказаўся рэзка супраць, каб Лукашэнка прысутнічаў на саміце. І сказаў, што ў такім выпадку ён будзе яго выкрываць за антыдэмакратычную дзейнасць. Маюцца на ўвазе такія рэзкія выказванні і асуджэнні персанальна прэзідэнту Лукашэнку”.

Падобная сітуацыя ўжо адбылася з прэзідэнтам Беларусі ў 1998 годзе на форуме ў Кран-Мантане. Тады старшыня форуму назваў Лукашэнку дыктатарам. Пасля гэтага Аляксандр Рыгоравіч дэманстратыўна пакінуў залу.  

У спробе пазбегнуць такіх эксцэсаў Еўропа ўсё яшчэ не прыйшла да канчатковага рашэння. Спадар Мельянцоў, аднак, лічыць, што для Беларусі ўдзел Лукашэнкі ў саміце будзе карысным і выгадным: толькі прысутнасць кіраўніка дзяржавы можа гарантаваць нам поўны ўдзел ва "Ўсходнім партнёрстве". Інакш мы рызыкуем далучыцца да праграмы толькі на тэхнічным узроўні.

Дзяніс Мельянцоў: “Удзел Лукашэнкі неабходны, таму што ён цалкам легітымізуе ўдзел Беларусі ў праграме. Гэта значыць, што Беларусь прымае "Ўсходняе Партнёрства" такім, якое яно ёсць. І будзе цалкам удзельнічаць ва ўсіх механізмах і праектах гэтай палітыкі. Калі Лукашэнка не паедзе і будзе паніжаны ўзровень прысутнасці Беларусі ва ўстаноўчым саміце, то існуе верагоднасць таго, што Беларусь у якасці пратэсту ці яшчэ з-за чаго будзе ўдзельнічаць толькі на тэхнічным узроўні”.

Такім чынам, ва ўзаемнай гульні задача Еўропы — запрасіць Аляксандра Рыгоравіча ў Прагу, аднак намякнуць, што яму пажадана застацца дома. Лукашэнка ж у сваю чаргу ў гэтай гульні павінен зразумець намёк і даслаць на саміт міністра замежных спраў Сяргея Мартынава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі