Палітолаг: Сцэнарыяў можа быць два — еўразона знікае або трансфармуецца

Роўна два гады таму ўступіла ў моц Лісабонская дамова,
якая стала заменаю канстытуцыі. Яна прадугледжвае шэраг рэформаў, галоўная мэта
якіх — палепшыць структуру кіравання Еўразвязу з улікам яго пашырэння і
аптымізаваць механізм прыняцця рашэнняў. У Лісабонскай дамове таксама
прадугледжана магчымасць выхаду той ці іншай краіны з Еўрасаюза.

111201 Lagvinec_site.mp3


Еўрарадыё: Лісабонская Дамова, якая замяніла канстытуцыю,
што стала першым правалам еўраінтэграцыі, ужо давала нагоду, каб пра гэта
размаўляць.
З намі на сувязі палітолаг Алесь Лагвінец. Можа адразу я
задам вам пытанне глабальнае: вы еўрааптыміст ці еўрапесіміст?


Лагвінец: Я –
еўрарэаліст. Еўрапейская інтэграцыя стварае магчымасці для краін, але і робіць
ім выклікі. Нельга адназначна сказаць, што ёсць лінейная зададзенасць – куды
прыйдзе Еўрапейскі Саюз. Гэта – вынік узаемадзеяння, гэта – вынік кампрамісу,
гэта –вынік адмаўлення ад пэўных рэчаў, звязаных з нацыянальным суверэнітэтам.

Еўрарадыё: Спадар Алесь, вы ўзгадалі пра адмаўленне ад
пэўных рэчаў, звязаных з нацыянальным суверэнітэтам. Шмат кажуць пра тое, што
Еўрасаюз гэта – такі інтэграцыйны праект, удзельнікі якога карыстаюцца
супольнасцю, пакуль усё добра, а калі ўсё дрэнна – мы тады “хаваемся па норах” –
у межы нацыянальнай дзяржавы. Гэта з’ява і стала, нібы, крызіснай. Ці сапраўды
гэта так, на вашу думку?


Лагвінец: Да
сённяшняга моманту еўрапейская інтэграцыя давала пазітыўныя вынікі для ўсіх. Толькі
з шасці краін Еўрапейскі Саюз павялічыўся да дваццаці сямі. На сёння ніводная
краіна не выйшла з Еўрапейскага Саюзу. Кожная краіна, якая з’яўляецца
дэмакратычнай і суверэннай, – бо суверэнітэт не да канца аддаецца, суверэнам
усё адно з’яўляецца народ – бачыць выгаду ў сваім удзеле ў інтэграцыйных працэсах.

Магчыма, што некалі
якаясьці краіна захоча выйсці з Еўрасаюзу, але гаворка не пойдзе пра Еўрасаюз,
як такі. Магчыма, пэўныя краіны, як, напрыклад, Грэцыя па нейкіх прычынах
могуць выйсці з пэўных інтэграцыйных ініцыятыву, як, напрыклад, зона еўра –
такая верагоднасць ёсць. Але я не думаю, што саму пляцоўку ўзаемадзеяння
дваццаці сямі краін нейкія краіны хацелі б пакінуць, бо існаванне такога
форуму, яго шматлікіх механізмаў – вельмі важнае для таго, каб разам вырашаць
свае праблемы. Гэта вельмі выгадна для кожнай краіны. Таму нашы суседзі з
Цэнтральнай Еўропы так дамагаліся прыняцця ў Еўрапейскі Саюз.

Еўрарадыё: Вы слушна заўважылі пра супольнае вырашэння
праблем, бо я маю такое ўражанне, што Еўрасаюз існаваў дастаткова нармальна,
пакуль не даходзіла да супольнага вырашэння праблем. Шмат аналітыкаў кажуць,
што няма супольнай знешняй палітыкі Еўрасаюзу, што асобныя яго ўдзельнікі і так
“прабіваюць” нейкія ўласныя інтарэсы недзе па-за супольнасцю. А ў момант, калі
інтэграцыйны працэс падыходзіць да таго, каб стварыць інстытуты, якія будуць
кіраваць Еўрасаюзам, як супольнасцю, мы бачым скептыцым і непрыняцце гэтага. Так
было з канстытуцыяй Еўрасаюзу. Ці Еўрасаюз можа функцыянаваць толькі на
цяперашнім узроўні свайго развіцця або, можа, ёсць у яго шанцы ператварыцца ў
такія “Злучаныя штаты Еўропы”?


Лагвінец: “Злучаныя
штаты Еўропы” – гэта мара многіх еўрапейцаў. Я не думаю, што бліжэйшым часам
Еўрасаюз зможа наблізіцца да гэтай мары. Некаторыя людзі сапраўды бачаць
інтэграцыю, як працэс язды на ровары – калі круціш педалі, гэта рухаецца, калі
спыняешся – ровар далей не едзе. Я б не абсалютызаваў пытанне правядзення
вонкавай палітыкі, як праяўленне кепскага стану Еўрасаюзу.

У іншых сферах інтэграцыя
пайшла нашмат далей. Гэта, напрыклад, – усё , што тычыцца пытання ўнутранага
гандлю; гэта і палітыка Еўрапейскага цэнтральнага банка. Апошнім часам у сферы
грашовай палітыкі Еўрасаюз мае найбольш выклікаў. Некаторыя даследчыкі
прадказваюць спыненне інтэграцыі, кажучы пра тое, што цяпер Еўрасаюз
знаходзіцца ў небяспецы найбольшага крызісу, які некалі стаяў перад еўрапейскай
інтэграцыяй.

Сцэнарыяў можа быць два:
або еўразона увогуле знікае, або адбываецца пэўная трансфармацыя. У зоне еўра
можа застацца шэраг краін Паўночнай Еўропы, а краіны Ўсходняй і Паўднёвай Еўропы
зноў могуць вярнуцца да сваіх нацыянальных валют. У тых краінах, якія
застануцца ў еўразоне, магчыма, узнікне яшчэ шчыльнейшая інтэграцыя і
супрацоўніцтва у сферы не толькі грашовай, але і фіскальнай палітыкі. Бюджэты
гэтых краін будуць больш узаемапрымальныя, больш кантралюемыя праз агульныя
ўстановы Еўрасаюзу.

Еўрарадыё: Цяпер цяжка сцвердзіць, які сцэнар рэалізуецца
– аптымістычны, ці песімістычны. Беларускія апазіцыйныя палітыкі часта
выкарыстоўваюць праект еўрапейскай інтэграцыі для Беларусі ў сваіх палітычных
праграмах. А ў кантэксце крызісу ў Еўропе, які ужо выкарыстоўваюць дзяржаўныя
СМІ для прапаганды, ці будзе еўрапейская інтэграцыя прывабная для беларусаў?


Лагвінец: Пачнём з анекдота. У шасцідзесятыя гады Мікіта Хрушчоў
казаў, што Амерыка загнівае. Людзі ж адказвалі, што загнівае, але ж як прыгожа
загнівае! Таму, калі мы кажам пра
крызіс у Еўрасаюзе, мы кажам пра крызіс дзяржаўных бюджэтаў некаторых краін. Гэта
не крызіс усёй сістэмы капіталізму. Еўрапейскія грамадствы гэта, збольшага,
заможныя грамадствы. Праблема заключаецца ў тым, што дзяржаўныя бюджэты гэтых
грамадстваў былі занадта шчодрымі. Сёння ж дзяржава не ў стане выконваць тыя
абавязкі, якія яна ўзяла на сябе. Ва ўмовах дэмакратыі правесці балесныя
рашэнні даволі складана, але ў Еўрасаюза ёсць шанцы вырашыць праблему праз
“зацісканне паясоў” для многіх катэгорый грамадства. Я лічу, што Захад у стане
адаптавацца да сітуацыі, зважаючы і на дэмаграфічныя выклікі, на выклікі з боку
больш развітых краін.

У Беларусі сітуацыя іншая.
Наша грамадства не такое заможнае, дый наша дзяржава не такая багатая. Больш за
тое  - наша дзяржава была б сёння
банкрутам, калі б не знешняе фінансаванне. Магло б узнікнуць пытанне наконт
наогул здольнасці дзяржавы, адказваць на запатрабаванні грамадства. Калі мы кажам
пра еўрапейскую мадэль суадносінаў паміж грамадзянамі і дзяржавай, думаю, што
беларусаў гэтая мадэль па-ранейшаму прыцягвае. Можа, беларусы хацелі б
атрымліваць такія высокія заробкі, як некаторыя атрымліваюць у Маскве, але
беларусаў інстынктыўна цягне да больш паважлівага стаўлення дзяржавы да сваіх
грамадзянаў, да таго, што можна пабачыць у Еўропе. Беларусаў інстынктыўна цягне
да таго, каб дзяржава мела чалавечы твар, а не проста акумулявала ўсе рэсурсы
дзеля дасягнення невядома якіх мэтаў, як казаў прэзідэнт Расіі Мядзведзеў, каб
пашыраць свой уплыў і сваю геаграфію. Беларусаў гэтыя апошнія далёкаідучыя ідэі
наўрад ці мабілізуюць.

Беларусы – людзі, які жывуць сваім, можна нават сказаць,
местачковым, жыццём, але яны хочуць яго ўпарадкаваць. Выклік для Беларусі, гэта
тое, каб грамадзяне сталі больш адказнымі самі да сябе разам з дзяржавай, але і
незалежна ад дзяржавы. Крызіс у Еўропе і крызіс у Беларусі – зусім розныя,
непараўнальныя рэчы. У сённяшнім Еўрапейскім Саюзе крызіс збольшага фінансавы,
звязаны з публічнымі дзяржаўнымі фінансамі. У Беларусі ж ёсць некалькі
крызісаў, якія спалучаныя. У нас яшчэ не ўтварыўся ўласнік, бо дзяржава
па-ранейшаму дамінуе. У нас не ўтварыўся грамадзянін, бо людзі вельмі шмат чаго
чакаюць ад дзяржавы, а дзяржава адмыслова стварае залежнасць людзей ад
палітычнай улады. Яна гэта робіць заміж таго, каб даць людзям самім вырашаць і
стварыць пэўныя механізмы і правы. І самае галоўнае і гэта – таксама частка
еўрапейскай мадэлі: у нас не ўзнік яшчэ сапраўдны беларус, не ўтварылася
нармальная палітычная нацыя, дзе б грамадзяне ганарыліся сваёй беларускасцю,
мелі саматоеснасць, не цураліся яе, не атаясамлівалі сябе з усходнім ці
заходнім суседам.

Спалучэнне гэтых выклікаў для Беларусі робіць нашу сітуацыю,
на жаль, больш складанай, але ўсё ж такі, я думаю, што яна – вырашальная. У
дадзеным выпадку, застаючыся прыхільнікам еўрапейскай мадэлі для Беларусі,
лічу, што без шчыльнага супрацоўніцтва з краінамі Еўрсаюзу – дарма што тыя
цяпер і перажываюць крызіс – Беларусі складана будзе адказаць на выклікі, якія
стаяць перад ёю сёння.