Палітолаг: Саакашвілі і Парашэнка сыгралі ў мінус Украіне

Палітолаг: Саакашвілі і Парашэнка сыгралі ў мінус Украіне

10 верасня натоўп прыхільнікаў Міхаіла Саакашвілі прарваў кардоны праваахоўнікаў і літаральна занёс яго на ўкраінскі бок польска-украінскай мяжы. У выніку гэтага прарыву ва Украіну экс-прэзідэнта Грузіі, былога губернатара Адэскай вобласці, якога прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пазбавіў украінскага грамадзянства, пацярпелі 11 паліцыянтаў і 5 памежнікаў.

Але пацярпелыя паліцыянты і памежнікі толькі адно з негатыўных наступстваў гэтага прарыву Саакашвілі ва Украіну, кажа вядучы аналітык ЦРУ (аналітычны Цэнтр Расія-Украіна, Кіеў. ― Еўрарадыё) Аляксандра Рэшмедзілава.

“Не разумею, як чалавек, які мае некалькі юрыдычных адукацый, добра ведае міжнароднае права, можа груба парушаць норму ўкраінскага заканадаўства. Але мне не падабаецца і пазіцыя ўкраінскай улады, якая дапусціла гэтую сітуацыю. Бо абодва бакі сыгралі толькі ў мінус украінскай дзяржаве. Дата прарыву была абраная не выпадкова ― Пётр Парашэнка знаходзіўся за мяжой і там журналісты задавалі яму сярод іншых пытанні наконт Саакашвілі. Такім чынам, гэтая сітуацыя стала не толькі ўнутраным украінскім пытаннем, але і выйшла на міжнародны ўзровень. Што дрэнна, бо гэта ўдар па іміджы краіны. Ужо былі заявы з гэтай нагоды з боку венграў. Гэта можа пагоршыць нашы партнёрскія стасункі з суседзямі, якія маглі нам садзейнічаць на шляху еўраінтэграцыі Украіны”, ― кажа Аляксандра Рэшмедзілава.

Не менш, як небяспеку для дзяржаўнасці Украіны, бачыць у дзеяннях Саакашвілі і яго прыхільнікаў народны дэпутат Украіны, былы камандзір батальёна добраахвотнікаў Андрэй Цецярук.

“Небяспечна гэта было ў 2014 годзе, калі такія самыя грамадзяне Украіны і Расіі прарывалі нашу дзяржаўную мяжы на ўсходзе краіны. Гэта прывяло да зруйнавання дзяржаўнасці на тым участку. І цяпер гэтая тэрыторыя акупаваная. Калі палітык хоча адстойваць свае правы ў прававым полі, але пры гэтым цынічна парушае гэта прававое поле, то я не бачу для яго ніякіх перспектыў для будаўніцтва палітычнай ці якой-небудзь іншай кар’еры ў нашай краіне”. 

Такой жа думкі прытрымліваецца палітолаг, кіраўнік Цэнтра грамадскіх адносін Яўген Магда.

“Такі прарыў мяжы ― гэта не вельмі добра, асабліва ў кантэксце вучэнняў “Захад-2017” і вядомых правакацый напярэдадні “Дня Волі” на беларуска-украінскай мяжы. І хоць ад украінска-польскай мяжы да зоны правядзення беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў больш за 400 кіламетраў, але сам факт такога здзеку з дзяржаўнай мяжы ва ўмовах гібрыднай вайны з Расіяй ― гэта вельмі дрэнная з’ява”, ― упэўнены наш суразмоўца.

Вядома, што ўкраінская паліцыя ў сувязі з вяртаннем у краіну Міхаіла Саакашвілі ўнесла ў Адзіны рэестр дасудовых расследаванняў звесткі па прыкметах злачынства аб незаконнай перапраўцы асоб праз дзяржаўную мяжу. Згодна з украінскімі законамі, вінаватым у гэтым парушэнні пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў. Але ці будуць на самой справе нейкія пакаранні?

“У нас памежная служба, міграцыйная служба ўваходзяць у склад МУС. А гэта ўсё адказнасць Арсэна Авакава. І тут пытанне: ці зможа міністр унутраных спраў, у якога нацягнутыя стасункі з Міхаілам Саакашвілі, дзейнічаць дакладна ў адпаведнасці з літарай закона і сваімі дзеяннямі не справакаваць нейкага грамадскага супрацьстаяння?” ― кажа Яўген Магда.

Пра неабходнасць дзейнічаць у адпаведнасці з літарай закона і не рабіць “рэзкіх целарухаў” кажа і Аляксандра Рэшмедзілава. І першым рэагаваць “у адпаведнасці з літарай закону” абяцае дэпутат Вярхоўнай Рады Андрэй Цецярук.

“Тут не палітыка галоўнае: людзі, якія парушаюць законы Украіны і ўзнімаюць руку на памежнікаў, якія выконваюць свае абавязкі ― яны для мяне злачынцы. І мне аднолькава: гэта прарыў у “Ізварына” людзей з каларадскімі стужкамі і расійскімі поглядамі, ці патрыётаў у вышыванках, якія прарываюць памежны пункт “Шэгіні”. Гэтыя людзі ігнаруюць закон, і яны ўсе, уключна з народнымі дэпутатамі, якія арганізоўвалі людзей, павінны несці поўную адказнасць. І я буду настойваць падчас пасяджэння Вярхоўнай Рады, каб нашы праваахоўныя органы ідэнтыфікавалі кожнага чалавека, які прымяняў сілу супраць памежнікаў, кожнага дэпутата, які незаконна перасякаў мяжу, каб усе яны былі пакараныя па законе. Гэта галоўнае, што мы павінны зрабіць для будаўніцтва нашай краіны, як прававой краіны”, ― абяцае дэпутат.

Ці будзе затрыманы Міхаіл Саакашвілі і ці выдадуць яго ўкраінскія ўлады Тбілісі, суразмоўцы Еўрарадыё прагназаваць не бяруцца. Тым не менш, Яўген Магда звяртае ўвагу на відавочную адсутнасць у Саакашвілі “Плана “Б”, плана далейшых дзеянняў.

Яўген Магда: “Нават калі ўявіць, што ў Саакашвілі ёсць украінскае грамадзянства, то да восені 2018 года ён не мае права ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах ― ён не пражыў пяць гадоў ва Украіне. А для прэзідэнцкіх выбараў гэты цэнз дзесяць гадоў”.

Але і надзея Саакашвілі даказаць ва ўкраінскім судзе незаконнасць пазбаўлення яго ўкраінскага грамадзянства пасля апошніх падзей выглядае досыць няпэўненай, кажа Магда. На думку эксперта, прарывам праз мяжу Саакашвілі зрабіў сваю прававую пазіцыю вельмі слабой. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі