Вы тут

Паліклінікі не будуць прымаць планавых пацыентаў

30-я гарадская паліклініка Мінска / sb.by​

Праз складаную сітуацыю з каранавірусам Мінздароўя Беларусі прыняло рашэнне аб спыненні з 4 снежня прыёму планавых пацыентаў у паліклініках.

Затое выклікаць лекара на дом у выпадку экстранай сітуацыі можна будзе да 18 гадзін. Вузкія спецыялісты (неўролагі, рэабілітолагі, фізіятэрапеўты, эндакрынолагі) таксама будуць "задзейнічаныя для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі і пацыентам з тэмпературай", гаворыцца ў паведамленні Мінздароўя. Прычым яны будуць працаваць як на прыёме ў паліклініцы, так і на візітах у складзе кантактных брыгад.

Пацыентаў з траўмамі і тых, каму патрэбная экстраная хірургічная дапамога, у паліклініках па-ранейшаму будуць прымаць.

Мінздароўя таксама паведамляе, што на перыяд уздыму захворванняў на каранавірусную інфекцыю "арганізаваная поўная занятасць студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, накіраваных у паліклінікі".

Цяжарным скарачаюць колькасць візітаў да лекараў, а курсы падрыхтоўкі да родаў пераводзяць у анлайн-фармат.

У Беларусі расце колькасць выяўленых выпадкаў COVID-19. Напярэдадні Мінздароўя паведамляла пра 1701 новы выпадак, выяўлены ў краіне за суткі. Агульная колькасць інфікаваных з пачатку пандэміі складае, паводле дадзеных на 3 снежня, 141 609 чалавек. Памёр 1181 пацыент з каранавірусам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.