Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША прагаласавала за імпічмент Трампу

Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША прагаласавала за імпічмент Трампу

Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША прагаласавала за імпічмент прэзідэнту Дональду Трампу. Яго абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай (гаворка пра просьбу Трампа да ўладаў Украіны расследаваць дзейнасць сям'і Джо Байдэна, палітычнага праціўніка амерыканскага прэзідэнта) і стварэнні перашкодаў у працы кангрэса (адмова супрацоўнічаць з расследаваннем і забарона гэта рабіць адміністрацыі). Па першым пытанні "за" прагаласавалі 230 кангрэсменаў, "супраць" — 197. У галасаванні не ўдзельнічалі адзін дэмакрат і два рэспубліканцы. Па другім пытанні "за" былі 229 кангрэсменаў (патрабавалася 216 галасоў), "супраць" — 198.

Як вядома, у Палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША большасць маюць дэмакраты (Трамп — рэспубліканец, ён з'яўляецца прэзідэнтам са студзеня 2017-га). Галасаванне адбывалася амаль выключна па партыйнай прыкмеце. Ніхто з рэспубліканцаў не падтрымаў абвінавачанне ў "перавышэнні паўнамоцтваў".

"Гэта напад на Амерыку і напад на Рэспубліканскую партыю", — так Дональд Трамп пракаментаваў у Twitter галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў. Ён мяркуе, што дэмакраты зганьбілі сябе. "Ім самім імпічмент аб'явіць трэба, кажа прэзідэнт. — Усім да адзінага".

Далей справу амерыканскага прэзідэнта разгледзіць сенат, але ў ім рэспубліканцы маюць большасць. Для прыняцця рашэння дэмакраты мусяць сабраць 2/3 галасоў, што малаверагодна. Разгляд адбудзецца ўжо ў пачатку наступнага года. Трамп па-ранейшаму выконвае свае абавязкі. Калі б Сенат прагаласаваў за імпічмент, прэзідэнтам стаў бы Майк Пенс, цяперашні віцэ-прэзідэнт. І былі б прызначаны новыя выбары.

Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША аб'яўляла імпічмент прэзідэнтам Эндру Джэксану ў 1868-м і Білу Клінтану ў 1998 годзе, але не была падтрымана сенатам. Рычард Ніксан у 1974-м вырашыў не чакаць аб'яўлення імпічмента і сам падаў у адстаўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі