Палачанам не ўдалося прыбраць помнік танку

65 гадоў таму ў Беларусі ўзвялі на пастамент першую баявую машыну. Сёння іх 49. Полацкі танк гараджане хацелі прыбраць, але машыну адваявалі ідэолагі.
Танк стаіць на бетоннай пляцоўцы на транспартным коле з боку мінскай трасы. Помнік пафарбаваны, з чырвоным гвардзейскім знакам і вялікімі лічбамі 823 на баку. Ствол скіраваны на захад.

У 2012 г. Полацак рыхтуецца адзначыць 1150-годдзе. Пачалася грамадская дыскусія, як лепш падрыхтавацца да гэтае даты. Гісторыкі, літаратары, актывісты-дэмакраты прапанавалі перанесці танк з колцавага скрыжавання ў іншае месца. Гэтую прапанову падтрымала і частка ветэранаў. Танк меліся паставіць на Кургане Неўміручасці. Раней тут выставілі танк з мястэчка Гожа.

Але нехта У.Новікаў разаслаў лісты ва ўладныя структуры Мінска, Віцебска і Полацка з пагрозай, што ён "ляжа пад бульдозеры, калі ўлады дазволяць знесці пастамент".

Старшыня Полацкага гарвыканкама Ўладзімір Тачыла прыслухаўся да меркавання свайго ідэолага Алены Астапавай. Прынятае рашэнне танк пакінуць на месцы.

- Уяўляеце, якая гэта бутафорыя?! Яшчэ за 300 м да ўезду ў Полацак зіхаціць падсвятленнем дамоў і аўтапарка №2. Далей – кветкі, высаджаныя колам і трохбаковы білборд з пярэстай рэкламай. У цэнтры кветкавага кола – танк, - гаворыць полацкі моладзевы лідэр Алесь Круткін.

Дарэчы, у 2007 г. непадалёк ад танка паставілі яшчэ і Паклонны крыж, які асвяціў мітрапаліт Філарэт.

Савецкая традыцыя ставіць помнікі танкам цягнецца ад 1939 г., калі на Халхін-Голе паставілі помнік лёгкай пяхотнай машыне Т-26. У Беларусі за Саветамі першыя помнікі ўсталяваныя ў 1944 г.  у Рэчыцы  і ў Бабруйску.

У Мінску на месцы Беларускага музея гісторыі ІІ Сусветнай вайны збіраюцца пабудаваць 30-павярховы пяцізоркавы гатэль. З пляцоўкі за  музеем найперш вывезлі баявую тэхніку.

Лідэр партыі БНФ, перакладчык, пісьменнік Лявон Баршчэўскі зазначыў: «Хай лепш стаяць "кацюшы" і танкі  дзе-небудзь на лініі Сталіна, куды возяць гасцей з Венесуэлы. У Мінску не павінна заставацца страшылак з мінулага».

РэгіёнBy


На здымку: танк стаіць і ў вёсцы Краснае пад Маладзечнам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі