Паказанні выкладчыкаў уратавалі студэнта ад адміністрацыйнага пакарання

Паказанні выкладчыкаў уратавалі студэнта ад адміністрацыйнага пакарання

17 красавіка студэнта 3 курса журфака БДУ Рамана Пратасевіча ў чарговы раз судзілі за ўдзел 25 лютага ў несанкцыянаванай акцыі ў Курапатах. Пратасевіч даводзіў, што ён у гэты дзень быў не ў Курапатаў, а здаваў іспыт. Але суддзі не хапіла адпаведнай даведкі за подпісам дэкана факультэта, і ў якасці сведак былі выкліканыя выкладчыкі журфака.У выніку Рамана цалкам апраўдалі.

Пратасевіч: “Шчыра кажучы, не думаў, што будзе такі вынік. У мяне былі два магчымыя варыянты рашэння суда: альбо справу накіруюць на дапрацоўку, і на тым усё скончыцца, альбо, што мяне ўсё прызнаюць вінаватым і дадуць нейкі штраф ці некалькі сутак. І чаму вырашылі апраўдаць ― для мяне гэта вялікая таямніца”.

Нагадаем, суд над блогерам пачаўся яшчэ 10 красавіка. У пратаколе было ўказана, што студэнт “актыўна ўдзельнічаў у незаконным пікетаванні на будаўнічай пляцоўцы 25 лютага па адрасе: Мірашнічэнка, 49”. Паводле звестак міліцыі, ён быў там у 10.00. Але Пратасевіч прынёс даведку з дэканата, што ў гэты дзень ён здаваў экзамен на журфаку, які доўжыўся з 10.00 да 12.00 па прадмеце “Мова і стыль СМІ”. Гэтага аказалася недастаткова, і суддзя Дзмітрый Цыкал выклікаў у суд выкладчыкаў, якія прымалі іспыт у Пратасевіча 25 лютага.

Цяпер Раман Пратасевіч вырашае, ці дамагацца пакарання міліцыянера, які склаў на яго пратакол і сведчыў у судзе. Па словах студэнта, ён не хоча звязвацца з новымі судовымі разбіральніцтвамі, але і пакідаць беспакараным ілжэсведчанне міліцыянера не хоча. Што рабіць, хлопец вырашыць пасля кансультацый з юрыстамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі