пагэтыбок#: як Стас з Гродна ратуе людзей, якія выходзяць з турмы

Станіслаў Цыбінскі паказвае шматлікія дакументы, якія назапасіліся за час, праведзены ў калоніі, і па выхадзе адтуль / Аляксандр Васюковіч, Еўрарадыё
Станіслаў Цыбінскі паказвае шматлікія дакументы, якія назапасіліся за час, праведзены ў калоніі, і па выхадзе адтуль / Аляксандр Васюковіч, Еўрарадыё

Станіслаў Цыбінскі жыве ў Гродне і працуе афіцыянтам у двух рэстаранах. Частку заробленых грошай хлопец траціць, каб дапамагаць былым зняволеным не вярнуцца за краты. Пра тое, як няўтульна ў беларускай турме, Стас ведае ўсё: усяго паўтара года таму ён выйшаў на волю пасля 15 гадоў, праведзеных "у месцах не такіх аддаленых" за забойства.

поэтусторону#: как Стас из Гродно спасает людей, выходящих из тюрьмы
Станіслаў Цыбінскі ў сваім пакоі ў гродзенскім інтэрнаце / Аляксандр Васюковіч, Еўрарадыё

"Я вызваліўся ў лістападзе 2017 года. Я не ведаў, куды мне ісці, што мне рабіць, з кім звязацца, — расказвае Цыбінскі. — Але ў мяне быў тэлефон сябра Аляксея. Я патэлефанаваў — ён прыехаў з Мінска і адвёз мяне ў вёску Аляксандраўка пад Шчучынам, да брата Луіджы [прытулак для бяздомных, які арганізаваў у сваёй хаце Аляксей Шчадроў, ён жа "брат Луіджы". — Еўрарадыё]. Я пажыў там каля тыдня і з'ехаў у Шчучын шукаць працу. 

Мне пашанцавала ўладкавацца ў Дом культуры ў вёсцы недалёка ад Шчучына. Я зрабіў некалькі мерапрыемстваў: дзіцячыя ранішнікі, дыскатэкі, Новы год... Але потым начальства ад участковага даведалася, што я сядзеў за забойства. Прыйшлося напісаць заяву па ўласным жаданні, інакш звольнілі б па артыкуле. Так я апынуўся на вакзале ў Гродне".

Станіслаў паспрабаваў звярнуцца па дапамогу ў міліцыю, але там толькі паціснулі плячыма: маўляў, з дакументамі дапамагчы не можам. З працай поспехаў таксама не было. Адмаўлялі, кажа Стас, з-за судзімасці.

"На вакзале жыць было цяжка. Спаў на кароткіх лаўках у позе зародка. Міліцыя ўвесь час будзіла і выганяла. Я ім кажу: "Няма ў мяне прапіскі, жыць мне няма дзе". У РУУС завязуць, патрымаюць і адпусцяць.

Еў калі давядзецца. Ежу прасіў, хоць было сорамна і зневажальна. Але красці не хацеў. Былі думкі разбіць вітрыну, дастаць адтуль каўбасу, батон, пачаць есці, і далей будзь што будзе. Проста хацелася есці. А ўзяць няма дзе. Я разумею людзей: малады здаровы хлопец падыходзіць і просіць ежу, яны глядзелі на мяне як на хворага.

Мыўся ў прыбіральні на вакзале. Адна жанчына там увесь час давала мне вядро цёплай вады, разам з ім я зачыняўся ў прыбіральні, набіраў у пластмасавую бутэльку вады і так вось мыўся. Вось такія ў мяне былі ўмовы".

Слёзы ад дабрыні

Стас стаў падыходзіць да людзей са словамі: "Калі ў вас ёсць магчымасць, купіце мне хлеба, купіце дзве сасіскі". Пры гэтым казаў, што нядаўна вызваліўся з калоніі, што яму не патрэбныя грошы і красці ежу з крамы ён не хоча.

"Выспяткамі мяне гналі. І мужчыны, і жанчыны. Як толькі чулі, што я быў асуджаны. Грамадства мяне не прымала. Мне здавалася, людзі думалі: "Ты сядзеў у калоніі і цяпер тут яшчэ нешта просіш?".

Але аднойчы Цыбінскаму пашанцавала. Да яго падышла пажылая жанчына і стала вымаць прадукты з пакета: сыр, малако, батон, сасіскі.

"Я ёй казаў, што мне столькі не трэба, але яна казала, маўляў, бяры, унучок, бяры. І мне гэта слова "унучок" было прыемнае, таму што ўпершыню да мяне чалавек паставіўся з дабрынёй".

У гэты момант Стас заплакаў. Пазней ён распавёў, што плакаў пасля вызвалення двойчы: калі яго накарміла тая жанчына і цяпер, калі ён расказваў нам пра гэта.

"Я проста ўспамінаю, як яна давала мне ежу... Я так моцна хацеў есці, што я проста... У мяне падаў гэты сыр, я хапаў батон, ён сыпаўся... Я хапаў сасіскі... Я плакаў не ад таго, што мне далі паесці , а ад дабрыні. Я ўвогуле моцны чалавек. Але калі з цябе здзекаваліся там, а потым ты выйшаў сюды... І ты разумееш, што дзяржава табе не дапамагае, паесці ты не можаш сабе знайсці, на працу цябе не бяруць — нават на часовую. І ты разумееш, што ты нахран тут нікому не патрэбны. І калі трапляецца чалавек, які проста аддае з сумкі ўсё, што ў яго там ёсць... Яна разумела мяне. У яе ўнук у той час адбываў пакаранне. Я пачаў распытваць. Але яна сказала, што гэта не важна. Я да гэтага часу шукаю тую жанчыну. Калі іду па горадзе, заўсёды ўглядаюся ў твары людзей. Я хачу ёй аддзячыць, таму што яна першай падала мне руку дапамогі. Я на той момант не еў нічога тры ці чатыры дні".

Як Стас забіў чалавека

Калі Стасу было 11 месяцаў, памёр яго бацька — ад спынення сэрца проста за рулём. Пасля гэтага яго маці пачала выпіваць. Хлопец расказвае, што праз год пасля смерці мужа яна сышла з кватэры, пакінуўшы двухгадовага сына.

"Я правёў так каля тыдня. Потым суседзі выклікалі міліцыю, у кватэры выламалі дзверы. Месяц я праляжаў у бальніцы, таму што моцна схуднеў. А мама проста пайшла і больш не вярнулася.

Мая 80-гадовая бабуля ўзяла частковае апякунства, таму я жыў у дзіцячым доме ў Целяханах [пасёлак у Брэсцкай вобласці. — Еўрарадыё], а на летнія вакацыі ездзіў да яе ў Брэст".

поэтусторону#: как Стас из Гродно спасает людей, выходящих из тюрьмы

У 2002 годзе 18-гадовага Стаса асудзілі па частцы 2 артыкула 139 КК — забойства. Цыбінскі расказвае нам, што забіў хлопца, які згвалціў яго дзяўчыну.

"Я не хацеў нікога забіваць. Проста калі чалавека любіш, калі гэта тваё роднае... Першае, што з'явілася ў маім жыцці, — гэта любоў. А для мяне, сіроты, гэта важна. У мяне няма ні мамы, ні таты — нікога. Я быў настолькі безразважны! Потым, калі адбылося забойства, я аналізаваў і разумеў, што здзейсніў жудасны ўчынак.

Я паваліў чалавека на зямлю і па-вар'яцку біў яго нагамі. У яго было зламанае левае рабро, яно прабіла левае лёгкае, і ён задыхнуўся ад крывянога тромба. Ён памёр не адразу, а праз некалькі гадзін".

Хлопец кажа, што падчас следства узяў на сябе віну за некалькі злачынстваў. За гэта яму абяцалі чай, цыгарэты і іншыя рэчы, якія могуць спатрэбіцца ў СІЗА. Як вынік — 16 гадоў строгага рэжыму. 10 — за здзейсненае ім забойства і яшчэ 6 за чужыя злачынствы. Пазней адзін год скарацілі па амністыі.

Дзяўчына Станіслава з ім не засталася. Цяпер яна жыве адна з трыма дзецьмі.

"Калі мяне пасадзілі, я думаў, што яна будзе мне пісаць, будзе мяне падтрымліваць. Але яна выбрала іншага мужчыну і проста забыла пра мяне. Часам мы з ёй стэлефаноўваемся, але той любові і цёплых стасункаў няма.

Я шкадую, што правёў столькі гадоў за кратамі, а чалавек мяне пакінуў... Калі б мы ведалі, што нас чакае наперадзе... Што яна не будзе са мной. Напэўна, калі б я ведаў, я б яе адпусціў, і гэта б не паслужыла падставай для забойства".

Як гэта — ведаць, што наперадзе 16 гадоў турмы?

Стас кажа, што тады яго, 18-гадовага хлопца, больш за ўсё палохалі чатыры сцяны ў СІЗА. Ён думаў, што так і пройдуць усе гады зняволення.

"У СІЗА ў камеры было вельмі шмат людзей, мы спалі пазменна. Калі прыехаў у калонію, там былі розныя людзі, рознага ўзросту. Хапала 18-гадовых, як я, былі і пажылыя людзі. Былі колішнія дэпутаты, дактары, бізнесмены, міліцыянты і гэтак далей. Турма ўсіх ураўноўвае.

Я не разумеў, што такое гады — два, тры, пяць, дзесяць гадоў. А потым, калі трапіў у калонію, усвядоміў, што гэта вельмі шмат. Таму што гэтыя гады праходзяць як адзін дзень, як Дзень сурка — нічога не мяняецца. Прачнуўся, зарадка, праца — і так па крузе. Часам нейкае мерапрыемства ці канцэрт, але ўсё гэта адбываецца ў ізаляванай зоне, дзе зеляніны вельмі мала. Ты ўвесь час знаходзішся з аднымі і тымі ж людзьмі. І за гады яны становяцца табе роднымі".

поэтусторону#: как Стас из Гродно спасает людей, выходящих из тюрьмы
поэтусторону#: как Стас из Гродно спасает людей, выходящих из тюрьмы

За ўвесь тэрмін Стас змяніў некалькі калоній: спачатку сядзеў у ПК-5 у Івацэвічах у калоніі строгага рэжыму, потым — у ПК-8 у Оршы і ў ПК-19 у Магілёве. Калі магілёўскую калонію перарабілі ў лячэбна-працоўны прафілакторый, Станіслава этапавалі ў суседнюю ПК-15.

"У адной з калоній я сядзеў з кандыдатам у прэзідэнты 2010 года Дзмітрыем Усам. У калоніі ў яго здарыўся інсульт, у яго дрэнна рухаліся рука і нага — цела было часткова паралізавана, было цяжка рухацца. Гэта было пасля пратэстаў 2010 года, з намі яшчэ сядзелі многія актывісты. Гэтым людзям далі магчымасць прасіць памілавання ў прэзідэнта, і большасць з іх скарысталіся гэтым. Іх адразу пасля гэтага і адпусцілі. Але засталіся некалькі чалавек, якія сказалі, што не хочуць прабачэння. І іх праз год таксама выпусцілі.

Таксама я сядзеў з кампазітарам Уладзімірам Брайлоўскім [былы арганізатар фестывалю "Залаты шлягер". — Еўрарадыё]".

Палепшылася харчаванне, але не стаўленне да зняволеных

"На жаль, самая яркая гісторыя, якую я ўспамінаю, вельмі сумная. Я ніколі не бачыў, як паміраюць людзі. А ў калоніі на маіх вачах памерла шмат асуджаных. І калі ты разумееш, што нічога не можаш зрабіць, нічым не можаш дапамагчы, гэта жахліва. Калі вы проста стаіце, размаўляеце, а потым чалавек падае, пачынае калаціцца, у яго ідзе пена з рота. Усе хлопцы акружаюць гэтага чалавека і проста не ведаюць, што рабіць. На нейкі час адбываецца такі ступар, што не адразу нехта разумеў, што трэба элементарна паклікаць адміністрацыю".

поэтусторону#: как Стас из Гродно спасает людей, выходящих из тюрьмы
поэтусторону#: как Стас из Гродно спасает людей, выходящих из тюрьмы

Станіслаў заўважае, што за гады, якія ён правёў у няволі, "зона" памянялася толькі ў бытавых рэчах. Напрыклад, палепшылася харчаванне і ўмовы ўтрымання. Але не стаўленне да зняволеных.

"У турму прыходзіць працаваць вельмі шмат маладых спецыялістаў [Станіслаў мае на ўвазе міліцыянераў з сістэмы выканання пакаранняў. — Еўрарадыё]. Першапачаткова яны добрыя, спагадлівыя, больш чалавечныя. Але калі яны папрацуюць некалькі гадоў, сістэма іх мяняе. Чаму многія звальняюцца або пераходзяць на іншае месца службы? Таму што інакш яны павінны стаць мацёрымі і злымі афіцэрамі, якія працуюць там гадамі, па 10-15 гадоў.

Таму стаўленне да зняволеных асабліва не памянялася. У першую чаргу ты для іх злачынец, просты бяспраўнік. Калі ты з сябе нешта ўяўляеш, пярэчыш ім, то трапляеш у касту непажаданых. З табой могуць рабіць што хочуць: ШІЗА, ПКТ — будзеш вечна там сядзець. А калі ты выконваеш іх патрабаванні, то ўсё ў цябе будзе нармальна".

Ніякага выпраўлення няма

Незадоўга да выхаду з калоніі Станіслаў пачаў планаваць жыццё пасля вызвалення. Ён пісаў лісты ў розныя арганізацыі з просьбай узяць яго на працу, пісаў на іх скаргі, і ўсё гэта паўтаралася па крузе. У выніку — 158 адмоў і пагаршэнне адносін з адміністрацыяй калоніі.

"Запалохваюць, пагражаюць, ціснуць. Ніякага выпраўлення няма. Кажуць, што мы цябе сюды не клікалі, ты здзейсніў злачынства, ты злачынец, ты дрэнны. І ўсюды табе тыкаюць. Прыйдзеш у медчастку, кажаш, маўляў, дрэнна, дайце таблетку. А табе ў адказ: "А дзе ты быў раней, калі забіваў? Трэба было раней думаць. Цяпер быў бы дома і піў бы таблеткі, якія хочаш". І так усюды. Проста хтосьці трывае, а хтосьці не хоча гэтага трываць. Я напісаў у "Белгазету" артыкул пра тое, што ў калоніі асуджаных не выпраўляюць, а дрэсіруюць, як жывёл. З мяне запатрабавалі напісаць абвяржэнне. Я гэтага не зрабіў, таму пачаўся прэсінг. І з боку адміністрацыі, і з боку асуджаных.

У калоніі неаднаразова былі самагубствы. У мяне самога быў такі жыццёвы этап. Вены я рэзаў двойчы. Другі раз мяне выцягнулі ноччу і хацелі ў туалет засунуць, "апусціць", але ў іх не атрымалася. У мяне ўжо была з сабой напагатове мыйка [на турэмным жаргоне лязо, абматанае з аднаго боку ізастужкай. — Еўрарадыё], і я адразу ж пачаў сябе рэзаць, мне трэба было як мага мацней сябе параніць, каб ад мяне адчапіліся. Гэта спыніла ціск".

поэтусторону#: как Стас из Гродно спасает людей, выходящих из тюрьмы

Што трэба зрабіць, каб папраўчыя калоніі перасталі прыніжаць і сталі апраўдваць сваю назву — выпраўляць?

"Трэба мяняць усю сістэму. На інструктажах маладым супрацоўнікам кажуць: "Гэты — забойца. Ён мог забіць тваю сястру, тваіх бацькоў. Ты павінен трымаць яго на адлегласці і размаўляць з пазіцыі "Я начальнік, ты зняволены". Там першапачаткова ідзе такая пазіцыя, і выпраўлення ніякага.

Але самая вялікая праблема ў тым, што першапачаткова на табе ставяць вось гэта кляймо — зэк. Як быццам ты бесчалавечны. Я вам нават больш скажу: цяпер, калі я звяртаюся ў міліцыю з розных нагод і там бачаць маю судзімасць, адразу ж стаўленне мяняецца. Я пытаюся: "Чаму, навошта вы так робіце?" А мне кажуць: "Ты былы зэк". Колькі будзеш жыць — нікуды не дзенешся ад гэтага".

Мільён людзей не можа аднолькава хлусіць аб тым, што стаўленне з боку супрацоўнікаў калоніі — дрэннае. Гэта так і ёсць".

Пад каўпаком

У сярэдзіне чэрвеня, калі Стас галадаў разам з мамамі-328 у вёсцы Востраў, да яго на працу прыязджалі супрацоўнікі міліцыі. Яны пабывалі і ў інтэрнаце, дзе жыве мужчына, распытвалі вахцёраў аб яго паводзінах і пакінулі паведамленне аб выкліку ў інспекцыю "для дачы тлумачэнняў адносна сваіх паводзін і ладу жыцця".

поэтусторону#: как Стас из Гродно спасает людей, выходящих из тюрьмы

У дзень нашай сустрэчы ў Стаса выхадны, але ён хоча паказаць нам, дзе працуе: "Мне падабаецца прыносіць людзям радасць, усміхацца ім і бачыць, як яны ўсміхаюцца ў адказ".

Праходзячы міма гродзенскай турмы № 1, якая размясцілася проста ў цэнтры горада, Цыбінскі кажа, што ладзіў там канцэрт для зняволеных. Усе былі задаволеныя.

Але праз час пасля нашай размовы Стасам зноў зацікавілася міліцыя. На гэты раз з-за групы ў "ВКонтакте" і яго планаў па рэсацыялізацыі зняволеных.

Новыя запісы ў суполцы "Беларускі цэнтр падтрымкі" у "ВКонтакте" з'яўляюцца кожны дзень. Сёння — артыкул пра шкоду сінтэтычных наркотыкаў, учора — навіна аб новым смяротным прысудзе, нядаўна там збіралі грошы для сям'і загінулай на Алясцы рэжысёркі Нікі Ніканавай. Дапамога патрэбна не толькі былым зняволеным. Стас працуе. Ён верыць у тое, што задумаў добрую справу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі