Вы тут

Падрабязнасці "цукровай справы" ад БТ: іх прыкрываў былы змагар з бандытамі

Кадр з відэа

Увечары 4 лютага на тэлеканале "Беларусь 1" паказалі сюжэт "Цукровая мафія", прысвечаны скандальным арыштам дырэктараў чатырох беларускіх цукровых заводаў. 

У журналісцкім расследаванні, якое зрабіў Андрэй Крывашэеў (цяпер — кіраўнік афіцыйнага Беларускага саюза журналістаў), распавядаецца, быццам дырэктары цукровых заводаў Беларусі па заніжаных коштах прадавалі цукар у Расію праз Беларускую цукровую кампанію. Там камерцыйныя структуры перакуплялі тавар, даючы хабар. Атрыманыя грошы, маўляў, дзялілі паміж сабой дырэктары. Хаця прыбытак складаў па тры цэнты з кожнага меха цукру, сумы хабару ў год налічваліся сотнямі тысяч долараў. 

Для сваёй выгады дырэктары заводаў, як паведамляецца, пабудавалі завод "Еўратарэкс". Ён стаў манапалістам па вырабе ўпакоўкі для цукру. 

У сюжэце паказалі аператыўныя здымкі. Як расказаў начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, на іх бачна, як расійскі камерсант дае хабар у 20 тысяч долараў дырэктару Жабінкаўскага завода. 

Згадалі ў сюжэце і нядаўняе затрыманне былога начальніка ўпраўлення ГУБАЗіК Уладзіміра Ціхіні, які ў 1990-я праславіўся як змагар з арганізаванай злачыннасцю і карупцыянерамі. Паводле інфармацыі, агучанай па БТ, Ціхіня прыкрываў так званую "цукровую мафію": паведамляў, хто вядзе супраць іх справы, даваў парады па канспірацыі, закрываў унутраныя расследаванні. Акрамя таго, Ціхіня нібыта не дазволіў заняць пасаду дырэктара Белдзяржхарчпрама няўгоднаму чалавеку, які прыкрыў бы дзейнасць "цукровай мафіі". 

Кадр з відэа

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.