Падчас акустычнага канцэрта ў Мінску лідар "Сплин" упаў з крэсла

Пасля доўгага перапынку піцерскі гурт выступіў у Мінску. Аляксандр Васільеў увогуле не надта часта радуе сваімі выступамі мінскіх прыхільнікаў, у тым ліку і па незалежных ад яго прычынах. Памятаеце? "Сплины" былі ледзьве не першым гуртом, які патрапіў у беларускія "чорныя" спісы: спачатку за прапаганду нездаровага ладу жыцця ў песні "Феллини", а пазней - за радок у песні "Урок географии". А акустычныя канцэрты каманда на чале з Васільевым увогуле грае рэдка. Таму не дзіва, што КЗ "Мінск" 4 траўня была "забітай пад завязку", нягледзячы на зусім не танныя квіткі.

"Урокаў геаграфіі" гэтым разам Васільеў даваць не наважыўся, затое прачытаў кароткае вершаванае кіраўніцтва па метадах "распіла" бюджэта, удакладніўшы, што да Беларусі ўсё сказанае не мае аніякага дачынення.

Апроч усяго, "Сплины" сыгралі "Петербургскую свадьбу" Башлачова і некалькі песень з будучага альбома, выхад якога запланаваны на восень. А падчас выканання знакамітай "Линии жизни" Васільеў ажыццявіў сваю даўнюю мару і ўпаў з крэсла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі