Падазраваны ў нападзенні на кірмаш у Берліне быў вядомы службам бяспекі
![Падазраваны ў нападзенні на кірмаш у Берліне быў вядомы службам бяспекі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/image-1086544-galleryv9-knqb-1086544.jpg.webp?itok=mwVCOe36)
Па інфармацыі Tagesspiegel, падазраваны ў нападзенні на Калядны кірмаш у Берліне быў вядомы службам бяспекі па нязначных парушэннях. Яму 23 гады, ён прыбыў у Германію ў лютым 2016-га па балканскім маршруце з Пакістану і ў дакументах пазначаў сваю нацыянальнасць па-рознаму: называўся то афганцам, то пакістанцам. Пры арышце ў яго не было ніякай зброі, пры затрыманні не супраціўляўся.
У тры гадзіны раніцы 20 снежня нямецкая паліцыя штурмавала ангар, у якім жывуць бежанцы, у раёне Берлін-Тэмпэльхоф. Пра гэта пішуць нямецкія СМІ. Былі апытаныя чатыры афганцы. Аднак не вядома, ці звязаныя яны з меркаваным нападнікам, якога затрымалі недалёка ад месца трагедыі на Брайтшайдплац. Вынікі допыту паліцэйскія каментаваць адмаўляюцца.
![Падазраваны ў нападзенні на кірмаш у Берліне быў вядомы службам бяспекі](/sites/default/files/paragraphs/image/hangar-berlin-2.jpeg)
На месца трагедыі жыхары Берліна нясуць свечкі і кветкі. Міністр унутраных справаў прапанаваў аб'явіць аўторак днём агульнанацыянальнай жалобы. Па яго словах, здарэнне мае шмат прыкмет наўмыснага нападзення, яно мусіць быць прызнанае тэрактам. На чале расследавання стаіць генеральны пракурор.
![Падазраваны ў нападзенні на кірмаш у Берліне быў вядомы службам бяспекі](/sites/default/files/paragraphs/image/weihnachtsmarkt-breitscheidplatz-berlin.jpeg)
Увечары 19 снежня ў цэнтры Берліна ля мемарыяльнай царквы кайзера Вільгельма грузавік з польскімі нумарамі ўрэзаўся ў Калядны кірмаш. Па апошніх дадзеных, загінула 12 чалавек, каля 50 атрымалі раненні, некаторыя — у цяжкім стане.
У кабіне фуры знайшлі цела кіроўцы-паляка, які праз Берлін вёз груз з Італіі дадому. Па дадзеных СМІ, нападнік скраў грузавік і забіў кіроўцу. Затым здзейсніў злачынства.