Вы тут

Падатковая патрабуе ад прытулку справаздачу за 7 гадоў ахвяраванняў. Чаму?

Святар Аляксей Шчадроў, racyja.com

Заснавальнік прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна, святар касцёла Аляксей Шчадроў трапіў пад праверку падатковай інспекцыі. Ад яго запатрабавалі справаздачу за ўсе ахвяраванні, які паступілі за сем гадоў існавання прытулку. Прычым не толькі за грашовыя пераводы, але і за пасылкі гуманітарнай дапамогі.

Пра візіт падатковай да святара паведаміў палітык Павел Севярынец. Сам Аляксей Шчадроў у размове з Еўрарадыё пацвердзіў факт візіту прадстаўнікоў раённай падатковай інспекцыі.

“Тры дні таму прыйшла падатковая. Пыталіся, ці атрымліваў я грашовую дапамогу ў замежнай валюце з Еўропы, у якім памеры і калі. Таксама пыталі, ці прыходзілі мне пасылкі ад людзей і што ў іх было. Пасылкі сапраўды прыходзілі, а ў іх былі розныя прадукты і бытавыя рэчы. Цікавіліся і гуманітарнай дапамогай, а менавіта, у якіх памерах яе дасылалі і куды гэта ўсё дзяваецца. Вось сёння ў падатковую з пошты выслалі паперкі па ўсіх пераводах”.

Як можна памятаць усе падрабязнасці і сумы пераводаў за столькі гадоў? Чаму трэба заплаціць падатак на невялічкі перавод з Казахстана, які складае каля пяці рублёў? Чаму дзяржаўныя органы так абыходзяцца з прытулкам? На гэтыя пытанні ў святара няма адказаў.

“Вось зараз яны гэта ўсё падлічаць і выставяць рахунак, па якім я вымушаны буду плаціць. Падатак. Слухайце, гэта ж ахвяраванні для бедных людзей. А яны [прадстаўнікі падатковай інспекцыі. — Еўрарадыё] яшчэ хочуць узяць з гэтых грошаў падатак! Мы ж не маем аніякага дачынення да дзяржавы, мы касцельная суполка. Касцёл жа не абкладаецца падаткамі! Чаго яны ўвогуле лезуць да нас?” — абураецца Аляксей Шчадроў.

Святар лічыць, што гэта проста ціск з боку мясцовай улады, міліцыі, КДБ і выканкама. З боку мясцовых жыхароў нейкіх прэтэнзій да прытулку не было — хутчэй, наадварот. Суполка дапамагала ляжачаму старому чалавеку, забяспечваючы памперсамі, а жанчыне-інваліду падаравалі каляску з гуманітарнай дапамогі. Таксама прытулак дапамагае рознымі рэчамі бедным людзям у вёсцы.

Фота: Павел Севярынец, facebook.com

“Цяпер у прытулку знаходзіцца пяць чалавек, двое з якіх — калекі. Але вядома, што мы не адмовімся. Калі выставяць суму, то прыйдзецца пісаць у камісію прэзідэнта. Папрашу дапамагчы добрых юрыстаў, якія граматна складуць скаргу. Я не пакіну гэта проста так”, — кажа Аляксей Шчадроў.

“Ніхто ніякай праверкі не праводзіў, вас увялі ў зман”

У Шчучынскім раённым аддзеле інспекцыі па падатках і зборах пра сітуацыю падрабязна распавядаць адмовіліся. Там толькі адзначылі, што ўся інфармацыя аб праверцы непраўдзівая:

“Ніхто ніякай праверкі не праводзіў, вас увялі ў зман. У нас праверкі праводзяцца па плане выбарачных праверак. Больш ніякіх каментарыяў мы даваць не будзем. Мы робім усё толькі ў рамках заканадаўства, нічога не парушылі. Вам давялі нейкую інфармацыю, але я не ўпэўненая, што гэта дакладна”.

Еўрарадыё звярнулася па каментарый у абласны аддзел падатковай. Першы чыноўнік перанакіраваў нас да іншага адказнага чалавека. А той параіў звяртацца непасрэдна ў міністэрства па падатках і зборах, бо “абласныя аддзяленні могуць даваць каментарыі толькі мясцовым раённым выданням”. У прэс-цэнтры міністэрства нас перанакіравалі да кіраўніцтва, падказаўшы неабходны нумар. Аднак трубку на тым канцы так і не знялі.