Пад Брэстам пачынаюцца беларуска-расійскія ваенныя вучэнні

Беларускія і расійскія дэсантнікі ад сёння, 7 кастрычніка прыступаюць да сумесных двухбаковых тактычных вучэнняў. Яны пройдуць у тры этапы на адным з палігонаў пад Брэстам і будуць працягвацца да 20 кастрычніка.

Падчас міжнароднага вучэння дэсантнікі дзвюх краін сумесна адпрацуюць вучэбна-баявыя задачы па пошуку, блакаванні і ліквідацыі незаконных узброеных фарміраванняў, абмяняюцца досведам па методыцы падрыхтоўкі дэсантна-штурмавых падраздзяленняў падчас вядзення спецыяльных дзеянняў у зоне сваёй адказнасці, растлумачылі ў ваенным ведамстве.

У рамках вучэнняў у беларускіх ваенных з'явіцца магчымасць асвоіць на этапе практычнага розыгрышу прымяненне сучасных і перспектыўных узораў расійскага стралковага ўзбраення, паведамляе Interfax.by.

На вучэннях задзейнічаюць больш за 700 дэсантнікаў з Расіі і Беларусі, і не менш за 60 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку авіяцыі.