Пад беларускім прэсам: "Якія жыроўкі будуць 14 кастрычніка"

З 15 кастрычніка плануюць уключыць ацяпленне, а гэта значыць, што за кватэру давядзецца плаціць болей. Журналісты пачалі хвалявацца загадзя. На прэс-канферэнцыі яны запыталі намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ці не адбудзецца разам з планавым павелічэннем плацяжоў і падвышэнне тарыфаў. Намеснік міністра ЖКГ Сяргей Сушко сказаў, што пытанне разглядаецца, але штосьці канкрэтнае сказаць цяжка, бо рашэнне яшчэ не прынятае.

У прынцыпе, стандартная сітуацыя і класічны адказ. Але тут цікава тое, што журналісты, задаючы пытанне, назвалі канкрэтную лічбу – нібыта пратачылася інфармацыя пра тое, што ўжо з першага кастрычніка тарыфы павялічацца ажно на 25%. Адкуль узялася такая лічба – невядома, але цікава тое, як да яе паставіліся дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ.

Дзяржаўныя СМІ замоўчвалі абмеркаванне 25% і зрабілі акцэнт на тым, што жыхары вяртаюць усяго 34 працэнты сабекошту паслуг, хаця падлічаны ўзровень пакрыцця насельніцтвам затрат складае 41 працэнт, піша «Советская Белоруссия»:

“Удзел насельніцтва ў фінансаванні ЖКГ знізіўся да 34 працэнтаў. Хаця ў бюджэце на 2007 год была іншая лічба. 41 працэнт кошту вады, газа, энэргіі і тэхабслугоўвання камунальнікі прапаноўвалі ўскласці на спажыўцоў”.

Пакуль дзяржаўныя СМІ запэўнівалі чытачоў, што апошнія недаплочваюць за паслугі, а незалежныя выданні падлічвалі наколькі павялічыцца квартплата, калі 25% - праўда, кіраўніцтва моўчкі вывучала рэакцыю і ў канцы тыдня абвесціла, што павышаць тарыфы на паслугі ЖКГ да канца года не будзе.

Вось тут і з’явілася прастора для дзяржаўных СМІ. “У Беларусі тарыфы на паслугі ЖКГ не павысяцца”, - піша “Звязда”. Галоўнай прычынай такога рашэння яна называе “выбраныя рэзервы”. Яшчэ раней Лукашэнка запэўніў, што больш чым на 5$ за год тарыфы на ЖКГ павялічвацца не будуць. На пачатку гэтага года тарыфы на газ і электраэнэргію ўзраслі на 20%, такім чынам ліміт быў вычарпаны ўжо даўно.

“Па росце тарыфаў гэты год закрыты, і мы да гэтай тэмы да канца года не вяртаемся, паколькі ўсе рэзервы ўжо выбраны”, - цытуе словы начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энэргетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандра Літвіна газета “Звязда”.

Яна таксама дадае, што паслугі ЖКГ складаюць 9 працэнтаў у агульным аб’ёме расходаў насельніцтва Беларусі, пры тым што яшчэ ў 2003 годзе гэты паказчык складаў 11 працэнтаў. “А ў Германіі, напрыклад, ён дасягае 35%”, - працягвае “Звязда”.

Пры гэтым журналісты выдання ніяк не ўлічваюць пакупніцкую здольнасць насельніцтва Беларусі. А між іншым паводле разлікаў эканамістаў “ПРАЙМ-ТАСС”, калі супаставіць заробак з ростам цэнаў на ЖКГ, то беларус цяпер павінен атрымоўваць больш за 2000 долараў у месяц:

“Напрыклад, пяць год таму вы зараблялі 500 долараў, але зразумела, што паводле пакупніцкай здольнасці 500 долараў у той час і сёння – не адно і тое ж.

У Беларусі за перыяд з 2002 года тарыфы ЖКГ узраслі прыкладна ў 6 разоў, адпаведна долар патаннеў у адносінах да тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў 4,5 раза. Такім чынам атрымоўваецца, што заробак у памеры 500 долараў у тыя гады, каб захаваць сваю пакупную здольнасць у адносінах да тарыфаў ЖКГ, павінен складаць цяпер не менш за 2300 долараў ЗША”.

Што ж нам рыхтуе 2008 год? Адказу пакуль няма. Па разліках Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі за зімовы перыяд 2007 г. беларусы павінны плаціць за аднапакаёвую кватэру 81.500 рублёў, 122.000 – за двухпакаёвую, і 170.000 – за трох.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі